Афіцыйная заява ЕГУ ў сувязі са справаздачай аб інстытуцыйнай ацэнцы Цэнтра ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі

Кіраўнічая рада Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) не згодная з вынікамі аб адмоўнай інстытуцыйнай ацэнцы ўніверсітэта.

Па меркаванні ЕГУ, рэформы, што былі ажыццяўлены ва ўніверсітэце ў 2015-2017 гадох, забяспечылі істотнае развіццё стратэгічнага кіравання, вучэбнай і навуковай дзейнасці, што было прызнана донарамі падчас Донарскай канферэнцыі ў лістападзе 2017 года.

Будучы адзіным універсітэтам у выгнанні ў свеце, ЕГУ зведаў значныя рэформы стратэгічнага кіравання, а таксама ўкараніў новы Стратэгічны план на 2016-2021 гады. Стратэгічны план быў распрацаваны ў цесным узаемадзеянні з Шведскім агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (SIDA) і на падставе рэкамендацый Цэнтра ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі, прадстаўленых у рамках інстытуцыйнай ацэнкі ўніверсітэта ў лютым 2015 года. Кіраўніцтва ЕГУ шкадуе, што ў сваёй справаздачы Цэнтр не ўлічыў палітычную важнасць універсітэта для Беларусі.

У 2015-2017 гадах ЕГУ прызначыў абноўленыя Кіраўнічую раду і Агульны сход сузаснавальнікаў, увёў новыя палажэнні аб фінансавым і арганізацыйным кантролі, а таксама ўкараніў новую арганізацыйную структуру і аптымізаваў бюджэт. Сенат ЕГУ, арганізаваны паводле оксбрыджскай мадэлі самакіравання, у пазначаны перыяд прыняў больш за 40 новых нарматыўных палажэнняў ў галінах адукацыі, даследаванняў і кіравання. У супрацоўніцтве з Бард-каледжам была распрацавана новая праграма агульнаўніверсітэцкай падрыхтоўкі. На працягу 2016 і 2017 гадоў колькасць першакурснікаў ЕГУ стабільна расла. Поспех праведзеных рэформаў ЕГУ таксама адзначылі донары ўніверсітэта 17 лістапада 2017 года падчас Донарскай канферэнцыі.

На думку кіраўніцтва ЕГУ, Цэнтр ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі не прыняў да ўвагі афіцыйны адказ універсітэта, прадстаўлены 14 снежня 2017 года ў дачыненні да папярэдняй справаздачы Цэнтра.

Кіраўнічая рада ЕГУ цесна супрацоўнічае з Урадам Літвы і партнёрамі ды прыкладае ўсе намаганні дзеля вынясення станоўчага рашэння па пытанні інстытуцыйнай ацэнкі, з мэтай забеспячэння далейшай працы ўніверсітэта ў Вільні.

Кіраўніцтва і Кіраўнічая рада ЕГУ будуць рэгулярна інфармаваць студэнтаў і выкладчыкаў Універсітэта аб новых падзеях.

Пасля зачынення ЕГУ беларускімі ўладамі ў 2004 годзе ўніверсітэт прыняў запрашэнне ўрада Літвы і пераехаў у Вільню. Атрымаўшы афіцыйны статус універсітэта ў Літве ў сакавіку 2006 года, ЕГУ за 11 гадоў падрыхтаваў 2124 спецыяліста у галінах мастацтваў, сацыяльных і гуманітарных навук.

У 2017/18 акадэмічным годзе ў ЕГУ навучаецца 847 студэнтаў, 95% навучэнцаў з’яўляюцца грамадзянамі і рэзідэнтамі Беларусі.

Назад