Дац. Іна Соркіна прыняла ўдзел у ХХV Міжнароднай канферэнцыі па іўдаіцы

Дацэнт Акадэмічнага Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) Іна Соркіна прыняла ўдзел у юбілейнай ХХV Міжнароднай канферэнцыі па іўдаіцы ў Маскве, якая сабрала 170 навукоўцаў з 17 краінаў свету. Інна выступіла з дакладам на тэму «Леў Клейнборт з мястэчка Капыль: жыццё і дзейнасць на «памежжы» культур» на секцыі «Яўрэі і навакольны свет у люстэрку гісторыі».

Леў Навумавіч Клейнбарт (1875-1950) ураджэнец мястэчка Капыль Слуцкага павета Мінскай губерні, публіцыст, журналіст, літаратар, крытык. Даклад быў заснаваны на вывучэнні матэрыялаў яго асабістага архіва, які захоўваецца ў Цэнтральным архіве гісторыі яўрэйскага народа ў Ерусаліме. Жыццё і творчасць Льва Клейнборта разглядаюцца на фоне гістарычных працэсаў у Расійскай імперыі і Савецкай дзяржаве. Асаблівае значэнне ў дакладзе надаецца гісторыі мястэчак, у прыватнасці, Капыля, які вядомы як радзіма класіка літаратуры на ідышы Мендэле Мойхер-Сфорыма, педагога і публіцыста Абрама Паперны.

Некаторыя факты біяграфіі Льва Клейнборта (напрыклад, прыняцце праваслаўя) і творчасці (яго фундаментальнае даследаванне «Маладая Беларусь: Нарыс сучаснай беларускай літаратуры: 1905-1928 гг.») дазваляюць інтэрпрэтаваць яго спадчыну у кантэксце культурнага «памежжа». Гэтае паняцце выкарыстоўваецца беларускімі філосафамі Сямёнам Падокшыным і Уладзімірам Конанам для раскрыцця дзейнасці некаторых гістарычных асоб эпохі Адраджэння і Асветніцтва, якія сінтэзавалі ў сваёй творчасці дасягнення Усходу і Захаду. У дадзеным даследаванні гаворка ідзе аб культурным «памежжы» эпохі нацыяналізмаў: творчых кантактах паміж прадстаўнікамі яўрэйскай, расійскай, беларускай інтэлігенцыі ў канцы XIX – першай трэці XX стагоддзяў.

Назад
Зараз мы аднаўляем вэб-старонку ўніверсітэта. Загадзя выбачаемся за магчымыя нязручнасці.