Д-р Сцяпан Стурэйка: «ЕГУ выступае як рэтранслятар і перакладычык сэнсаў спадчыны. Не толькі моўны, але што істотней — ментальны»

Stsiapan StureikaУ жніўні 2017 года ў межах праграмы Еўрапейскага саюза і Усходняга партнёрства «Культура і Крэатыўнасць» была апублікаваная экспертная справаздача лектара Акадэмічнага дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) д-ра Сцяпана Стурэйкі, прысвечаная выклікам, якія стаяць перад культурнай спадчынай Беларусі.

У адмысловым інтэрвію д-р Сцяпан Стурэйка распавядае аб цяперашнім становішчы ў сферы кіравання культурнай спадчынай, а таксама вызначае ўплыў ЕГУ у гэтай галіне.

Сцяпан, распавядзіце, калі ласка, пра Вашае апошняе даследванне, прысвечанае развіццю сектара культурнай спадчыны ў Беларусі.
Маёй мэтай было разглядзець, наколькі ў Беларусі рэалізуецца патэнцыял спадчыны ва ўсёй яго разнастайнасці: сацыяльнай, эканамічнай, культурнай. Другая, не менш важная мэта — распачаць гутарку пра гэты патэнцыял.

Гуманітарыі аналізуюць сацыяльную рэальнасць. Яны бачаць з’явы і даюць ім імёны. У той момант, калі з’яве надаюць імя, яна пачынае існаваць. У гэтай справаздачы я імкнуўся праз называнне праблем развіцця і аналіз актуальных практык канцэптуалізаваць патэнцыялы спадчыны, развіць ідэю, што гэты патэнцыял увогуле існуе і ён можа быць скарыстаны ў мэтах развіцця.

Якая цяпер сітуацыя з патэнцыялам спадчыны ў Беларусі?
Спадчына ў нас і постсацыялістычных краінах знаходзіцца пад уладай так званага класічнага дыскурса спадчыны. У яго межах спадчына — гэта атрыбут мінулага, сведчанне слаўных перамог продкаў і дасягненняў культуры. Спадчына ахоўваецца для нашчадкаў, каб краіна захавалася як нацыя. Такі падыход нарадзіўся дзякуючы еўрапейскаму нацыяналізму XIX ст., і дагэтуль з’яўляецца асноўным у Беларусі.

Гэты спосаб разважання аб спадчыне сапраўды здольны мабілізаваць грамадзян на захаванне помнікаў, аднак у апошнія 30 гадоў сітуацыя змянілася. З аднаго боку, спадчына сёння існуе ў кантэксце больш складанай канфігурацыі адносінаў (гэта прыватная ўласнасць, правы супольнасцяў, нарэшце новая постмадэрновая культура), з іншага боку — спадчыны становіцца ўсё больш. Мы жывем у эпоху бума спадчыны. Спісы гісторыка-культурных каштоўнасцяў растуць. Такіх аб’ектаў у Беларусі ўжо 5553. На іх рэстаўрацыю і музеефікацыю патрэбна занадта шмат сродкаў. Але галоўнае — крытычны погляд на захаванне спадчыны дазваляе зразумець, што яна вельмі ілюзорная.

Захаванне і рэстаўрацыя самі па сабе крэатыўныя, яны заўсёды нараджаюць нешта новае. Але гэтая быццам бы банальная думка да апошняга часу не прысутнічала нават у экспертнай оптыцы. Давайце ж планаваць гэта новае і працаваць са зменамі, а не спрабаваць толькі кансерваваць спадчыну! Давайце выбудоўваць лагічныя паслядоўнасці: калі мы рэстаўруем гэты будынак, тады якія эканамічныя, сацыяльныя працэсы вакол яго павінны запускацца? Як рэстаўрацыя паўплывае на экалогію?

Якія рашэнні прымаюцца, каб захоўваць такую вялікую колькасць помнікаў?
Мы сутыкаемся з тым, што ключавыя аб’екты кансервуюцца, а рэканструкцыя адкладваецца на потым. І так працягваецца з канца 80-х гадоў ХХ ст., а помнікі тым часам развальваюцца. Мы сутыкаемся з крызісам сэнсаў: не хапае ідэй і матывацыі для таго, каб архітэктурная спадчына станавілася ініцыятарам гарадскога ці рэгіянальнага развіцця. Усё гэта яшчэ слаба адрэфлексавана.

З дапамогай спадчыны можна працаваць з супольнасцямі і культурнымі сэнсамі, а таксама рэалізоўваць эканамічны інтарэс. Але гэта патрабуе другога спосаба мыслення. Мяркую, што сітуацыя пачне паляпшацца, калі мы дапоўнім класічны дыскурс спадчыны новым, крытычным дыскурсам, які зараз асэнсоўваецца ў краінах так званага першага света, дзе людзі так захопленыя захаваннем спадчыны. Нашая мэта складаецца ў тым, каб абсарбаваць, прысвоіць сабе гэты новы спосаб мыслення, навучыцца працаваць у яго межах, прымаць абгрунтаваныя рашэнні, невідавочныя праз традыцыйную оптыку.

Да гэтага ў Беларусі падобныя працы не выдаваліся? Чаму дыскусія пра спадчыну ў такім аспекце адбылася менавіта цяпер?
Абагульняючыя працы з фокусам на Беларусі сапраўды не выдаваліся. Я апынуўся ў рэдкай сітуацыі. Раней ці пазней такая размова пачалася б, бо ўсё больш і больш беларускіх інтэлектуалаў уключаюцца ў працэс пераасэнсавання спадчыны. Так атрымалася, што я стаў адным з першых.

Адначасова існуе вялікая колькаць заходніх прац рознага узроўню, некаторыя з іх ужо сталі класікай. Нядаўна ў часопісе «Неприкосновенный запас» па маёй ініцыятыве былі перакладзеныя на рускую мову некалькі выдатных тэкстаў сучасных аўтараў пра спадчыну. Мы пакуль што толькі спрабуем пісаць такім чынам.

У сваёй справаздачы і на лекцыях вы шмат увагі надаеце актарам, дзеючым асобам, якія прымаюць рашэнні у сферы спадчыны. Чаму гэта важна?
Сучасная сусветная тэндэнцыя — гэта дэмакратызацыя спадчыны, у тым сэнсе, што ўсё большая колькасць актараў мае дачыненне да спадчыны, атрымліваюць права голаса і магчымасць быць пачутымі. Як правіла, гэта прадстаўнікі супольнасцяў, якія фармуюцца вакол помнікаў. Яны могуць быць самага рознага ўзроўню, ад жыхароў раёна (такіх як Асмолаўка) да рэлігійнай супольнасці. Іх меркаванне можа не супадаць з меркаваннем прафесіяналаў, легітымных у вачах грамадстваў экспертаў: рэстаўратараў, гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў і археологаў, і нават чыноўнікаў, якія паўтараюць класічны дыскурс спадчыны.

У Беларусі прыблізна тое ж самае. Напрыклад, усё часцей адбываюцца грамадскія слуханні, актывізуецца дзейнасць мясцовых недзяржаўных арганізацый. Беларускі кодэкс аб культуры закладвае тэндэнцыю да дэцэнтралізацыі ў прыняцці рашэнняў па гісторыка-культурным каштоўнасцям. Ёсць і іншыя сведчанні, але пакуль што мы на пачатку шляху.

Наколькі заўважны ўдзел і ўплыў ЕГУ у сферы культурнай спадчыны ў Беларусі?
Мы выконваем ролю пляцоўкі. Бакалаўрская праграма «Культурная спадчына і турызм» з’яўляецца агентам новага спосабу мыслення. Класічны дыскурс спадчыны палітызаваны, але на нас аказваецца значна меньшы ўплыў, у параўнанні з беларускімі ўніверсітэтамі. Нашы сувязі з заходнімі даследчымі цэнтрамі значна шырэйшыя, мы больш выступаем на канферэнцыях, запрашаем да сябе замежных даследчыкаў. ЕГУ выступае як рэтранслятар і перакладчык. Не толькі моўны, але што істотней — ментальны. Перакладаем сэнсы і заходні досвед на нашы рэаліі, на наў стыль мыслення і маўлення.

Якім чынам вынікі Вашага апошняга даследавання паўплываюць на развіццё праграмы  «Культурная спадчына і турызм»?
Наша праграма знаходзіцца на стадыі трансфармацый. 27 кастрычніка адбудзецца круглы стол «Будучыня адукацыі ў галіне спадчыны ва Усходняй Еўропе». Яго мэта — адкрыць новыя ідэі, акрэсліць трэнды ў галіне heritage education.

Мы мусім гэтае новае мысленне і новы мэнэджмент інстытуцыяналізаваць і ўвасобіць у канкрэтную кампазіцыю курсаў. Будзе больш курсаў, звязаных з крытычным асэнсаваннем спадчыны, даследваннем яе эканамічнага, сацыяльнага, культурнага і любога іншага патэнцыяла. Асаблівая роля адведзеная сучасным тэхналогіям. Гэта не проста новыя інструменты, гэта яшчэ і фактар, які змяняе нашае стаўленне да спадчыны, а значыцца змяняе і рашэнні наконт мэнэджмента спадчыны. Мы плануем развівацца ў акрэсленым накірунку.

Дзякуй за інтэрвію.

Назад