Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт адкрыў новы корпус у Старым горадзе Вільні

Фота: Kilimas Arts

У дзень канстытуцыі Рэчы Паспалітай, 3 траўня Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) пачаў працу ў новым корпусе — у былым Аўгустынскім кляштары ў Старым горадзе Вільні. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця корпуса да супольнасці ЕГУ з віншавальным словам звярнуліся прадстаўнікі Урада Літвы ды сябры ўніверсітэта.

У межах святочных мерапрыемстваў з вітальным словам да супольнасці і сяброў універсітэта звярнуўся Рэктар ЕГУ праф. Сяргей Ігнатаў. Таксама перад гасцямі цырымоніі выступілі віцэ-міністр асветы і навукі д-р Гедрус Вілюнас ды віцэ-міністр замежных спраў Дарус Скусявічус. Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap з віленскай парафіі св. Барталамея ў Зарэччы асвяціў новы корпус універсітэта.

«Вельмі сімвалічна, што менавіта ў год свайго 25-га юбілея ЕГУ знайшоў новы дом у Вільні. Магчымасць сумеснай працы супольнасці ЕГУ ў выдатным будынку Аўгустынскага кляштара надае працэсу навучання і навуковай дзейнасці ЕГУ яшчэ большую каштоўнасць. Мы ўдзячныя Літве за стабільную падтрымку на працягу ўсіх год працы ў Вільні», — адзначыў старшыня Кіраўнічай рады ЕГУ Пэр Карлсэн.

Пасля 12 гадоў працы ў Мінску ЕГУ быў вымушаны пакінуць Беларусь і працягнуць сваю працу ў Вільні, што стала магчымым дзякуючы падтрымцы Літвы і Еўрапейскага саюза. За ўсе годы свайго існавання ўніверсітэт скончыла 3044 выпускнікі. Большасць з іх жывуць і працуюць у Беларусі. З восені 2005 года ЕГУ дзяліў навучальны корпус з універсітэтам Міколаса Ромерыса. У кастрычніку 2017 года XVII Урад Літвы прыняў рашэнне аб перадачы былога Аўгустынскага кляштара для патрэбаў універсітэта.

Былы кляштар Аўгустынскага ордэна быў збудаваны ў канцы XVIII стагоддзя на скрыжаванні вуліц Савічаўс і Бокшта, у 200 метрах ад віленскай Ратушы. Будынак вылучаюць арыгінальныя элементы інтэр’еру, у тым ліку фрэскі і брукаваная падлога, якія былі захаваны ў выніку пяцігадовай рэстаўрацыі.

Назад

Галерэя

Зараз мы аднаўляем вэб-старонку ўніверсітэта. Загадзя выбачаемся за магчымыя нязручнасці.