Новым старшынём Сената абраны праф. Алег Брэскі

Па выніках электронага галасавання чальцоў Сената Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) адбыліся выбары старшыні акадэмічнага самакіравання. Ім стаў выкладчык Акадэмічнага дэпартамента сацыяльных навук праф. Алег Брэскі.

Згодна з Рэгламентам працы Сената ЕГУ, старшыня абіраецца на 3 гады. Па сканчэнні паўнамоцтваў прафесара-эмерыта Рыгора Мінянкова на пасадзе старшыні Сената ЕГУ у павестку было ўнесена пытанне аб абранні новага старшыні. З 2014 года Сенат ЕГУ працуе згодна з оксбрыджскай мадэллю акадэмічнага самакіравання — чальцамі Сената з’яўляюцца ўсе выкладчыкі ўніверсітэта з нагрузкай на 0,75 стаўкі ці болей, 5 студэнцкіх прадстаўнікоў ды 4 прадстаўнікі адміністрацыі. Зараз чальцамі Сената з’яўляюцца 45 чалавек. У выбарах удзельнічалі два кандыдаты — дац. Андрэй Сцяпанаў і праф. Алег Брэскі. У галасаванні прынялі ўдзел 43 чальцы Сената. За праф. Брэскага прагаласавала 26 чалавек, за дац. Сцяпанава — 16. Адзін голас быў прызнаны нядзейным.

Праф. Алег Брэскі абараніў кандыдацкую ступень па праве ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М. В. Ламаносава ў 2001 годзе. З 2009 года ён працуе ў ЕГУ і выкладае па курсах «Сусветная гісторыя права», «Канстытуцыйнае права ЕС», «Права палітыкі сплачэння ЕС», «Гісторыя прававых вучэнняў», а таксама па курсах Агульнаўніверсітэцкай падрыхтоўкі «Мова і мысленне» ды «Семінар першага года: Уводзіны ў гуманітарныя веды». У 2012-2017 гадах праф. Брэскі займаў пасаду кіраўніка Акадэмічнага дэпартамента права.

Новы старшыня ЕГУ заступіць на пасаду з наступнага паседжання, якое запланавана на 21 снежня.

Назад
Зараз мы аднаўляем вэб-старонку ўніверсітэта. Загадзя выбачаемся за магчымыя нязручнасці.