Рэктарам ЕГУ прызначаны былы міністр адукацыі Балгарыі праф. Сяргей Ігнатаў

Агульны сход сузаснавальнікаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) прыняў адзінагалоснае рашэнне аб прызначэнні былога міністра адукацыі, моладзі і навукі Рэспублікі Балгарыі праф. Сяргея Ігнатава на пасаду Рэктара ЕГУ з 1 сакавіка.

Старшыня Агульнага сходу сузаснавальнікаў, Прэзідэнт Фонду «Еўразія» Хортан Бібі-Сэнтэр адзначыў: «Я рады, што конкурс на пасаду Рэктара паспяхова завяршыўся. ЕГУ вельмі пашчасціла, што на пасаду новага сталага Рэктара заступае праф. Ігнатаў: яго прафесійны і акадэмічны вопыт кажа сам за сябе. Хачу асабліва падзякаваць Шведскаму агенцтву па міжнародным супрацоўніцтве ў галіне развіцця за змястоўную падтрымку кіраўніцтву ЕГУ падчас конкурсу на пасаду Рэктара. Зычу поспеху праф. Ігнатаву ў якасці Рэктара ЕГУ і разлічваю на шчыльную сумесную працу».

Праф. Сяргей Ігнатаў — міжнародна прызнаны егіптолаг, аўтар кніг «Марфалогія класічнага Егіпта», «Мудрасць старажытных егіпцян», «Егіпет фараонаў», «Папірус не расце на камяні», «Цела бога» і больш за 40 акадэмічных публікацый, прысвечаных праблемам лінгвістыкі, гісторыі і рэлігіі Старажытнага Егіпта.

Міністр замежных спраў Літоўскай Рэспублікі Лінас Лінкявічус пракаментаваў прызначэнне праф. Ігнатава: «Літва ўсцешаная, што Рэктарам ЕГУ стане такі прафесіянал міжнароднага ўзроўню, як праф. Ігнатаў. Не сумняемся, што прызначэнне праф. Ігнатава будзе спрыяць новаму стратэгічнаму развіццю і ўмацаванню акадэмічнага і навуковага патэнцыялу ўніверсітэта, які з’яўляецца вельмі істотным праектам для Беларусі і рэгіёну».

Пачынаючы ад 2016 года, Шведскае агенцтва па міжнародным супрацоўніцтве ў галіне развіцця (SIDA) адмініструе фінансавую дапамогу з боку асноўных донараў ЕГУ. Па словах дырэктара Дэпартамента Еўропы і Лацінскай Амерыкі Эльзы Хоштад: «Праф. Ігнатаў становіцца часткай ЕГУ ў вельмі істотны час, калі ўніверсітэт падрыхтаваны да далейшых крокаў па ўмацаванні ўласнай ролі і ўплыву. Ранейшыя дасягненні праф. Ігнатава сведчаць аб тым, што стратэгічнае кіраванне ЕГУ знаходзіцца ў надзейных руках».

У 2009-2013 гг. праф. Ігнатаў займаў пасаду міністра адукацыі, моладзі і навукі ва ўрадзе Балгарыі пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Бойка Барысава. На пасадзе міністра праф. Ігнатаў ажыццявіў шэраг грунтоўных рэформаў у галіне пашырэння ўніверсітэцкай аўтаноміі і дыверсіфікацыі мадэляў фінансавання вышэйшай адукацыі. Раней, у 2002-2009 гг., праф. Ігнатаў быў рэктарам найбольш прыкметнага прыватнага балгарскага ўніверсітэта – Новага балгарскага ўніверсітэта.

«Я глыбока веру ў будучыню гэтага ўнікальнага праекта, які дзейнічае ў той час, калі перад адукацыяй у галіне гуманітарных і сацыяльных навук стаяць беспрэцэдэнтныя выклікі», — адзначыў праф. Ігнатаў.

Акадэмічная кар’ера праф. Ігнатава пачалася на пасадзе лектара Сафійскага ўніверсітэта імя Св. Клімента Ахрыдскага. Напрыканцы 90-х гадоў ён пачаў працу ў Новым балгарскім універсітэце, дзе займаў пасаду дэкана Бакалаўрскай школы. Перш чым стаць Рэктарам ЕГУ, ён узначальваў Балгарскі інстытут егіпталогіі.

Праф. Ігнатаў атрымаў доктарскую ступень па егіпталогіі ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце. Ён таксама быў стыпендыятам Оксфардскага ўніверсітэта (Каледж All Souls). Апроч роднай балгарскай мовы, праф. Ігнатаў валодае рускай, англійскай і французскай мовамі. Ён таксама выкладае егіпецкую (копцкую), асіра-вавілонскую (акадскую) і старажытнагрэчаскую мовы.

Назад
Зараз мы аднаўляем вэб-старонку ўніверсітэта. Загадзя выбачаемся за магчымыя нязручнасці.