Спікер Сейма Літвы — студэнтам ЕГУ: «Давайце створым нашу будучыню разам»

Фота: Kilimas Arts

1 кастрычніка адбылася ўрачыстая Цырымонія адкрыцця 2018/19 навучальнага года Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ). Больш за 150 чальцоў акадэмічнай супольнасці і сяброў ЕГУ адсвяткавалі гэты дзень у сценах новага корпуса ўніверсітэта ў сэрцы Старога горада Вільні — былым Аўгустынскім кляштары канца 18 стагоддзя.

Цырымонія пачалася з вітальнага слова Рэктара праф. Сяргея Ігнатава. Праф. Ігнатаў падкрэсліў асаблівую важнасць таго, што ўся ўніверсітэцкая супольнасць аб’яднана пад адным дахам, і выказаў удзячнасць Літве за гасціннасць і важкі ўнёсак у развіццё ЕГУ.

На Цырымоніі з урачыстай прамовай выступіў Спікер Сейма Літвы праф. Віктарас Пранцкеціс, які павіншаваў студэнцкую супольнасць ЕГУ: «Зычу студэнтам паразважаць аб сваёй асабістай будучыні, будучыні сваёй краіны і будучыні ўсяго грамадства. Давайце створым нашу будучыню разам». Акрамя гэтага, праф. Пранцкеціс падарыў ЕГУ памятны сцяг Літвы.

Віцэ-міністр асветы і навукі Літвы д-р Гедрус Вілюнас падкрэсліў ролю і асаблівае месца ЕГУ ў сістэме вышэйшай адукацыі Літвы: «У першую чаргу, вы — міжнародны ўніверсітэт. Быць міжнародным — вашыя прызначэнне і місія, і мы рады, што ЕГУ працуе менавіта ў Вільні. Па-другое, ЕГУ — гэта ліберальны ўніверсітэт, які працуе ў галіне гуманітарных навук. Літва імкнецца ўмацоўваць вышэйшыя навучальныя ўстановы з такім профілем. Іх прызначэнне — менавіта тое, што ўвасабляе ў сабе ЕГУ: развіццё дэмакратыі, сувязь з Еўропай і стварэнне грамадства будучыні. Па-трэцяе, ЕГУ — гэта месца, дзе аб’ядноўваюцца агульныя спадчына і гісторыя Беларусі і Літвы».

Амбасадар Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын пачала свой зварот з слоў падзякі Прэзідэнту ЕГУ праф. Анатолю Міхайлаву за ягоны ўнёсак у тое, каб пакаленні маладых беларусаў атрымалі вышэйшую адукацыю, якая з’яўляецца вольнай ад ідэалагічнага ціску. Амбасадар А. Віктарын адзначыла важнасць місіі ЕГУ па ўмацаванні адносін паміж Беларуссю і Еўропай, а таксама выказала ўдзячнасць праф. Ігнатаву за праведзеныя ім рэформы з таго моманту, як ён уступіў на пасаду Рэктара сёлета ў сакавіку.

Цырымонія скончылася заключнай прамовай Прэзідэнта праф. А. Міхайлава, які павітаў першакурснікаў у якасці чальцоў супольнасці ЕГУ: «Цяжка ўявіць, што калі ў 1992 годзе быў заснаваны ЕГУ, ўвесь універсітэт месціўся ў некалькіх маленькіх кабінетах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сёння разам з вамі мы пачынаем новае жыццё ЕГУ ў новым корпусе, з новым Рэктарам, і неўзабаве — з новымі навучальнымі праграмамі».

Назад

Галерэя