Студэнты, што жывуць у Вільні, маюць магчымасць удзельнічаць у шырокім шэрагу разнастайных пазакласных мерапрыемстваў, сярод якіх – канцэрты, культурныя і мастацкія праграмы, спартовыя спаборніцтвы, экскурсіі, варштаты, трэнінгі, сустрэчы з цікавымі людзьмі ды іншыя віды забаўляльнай і грамадскай дзейнасці.

ЕГУ рэгулярна прымае ў сябе папулярных беларускіх выканаўцаў, у тым ліку тых, чыя творчасць забароненая ў Беларусі, напрыклад, гурт «Ляпіс Трубяцкі».

Апрача дынамічнага гарадскога жыцця, ЕГУ прапануе студэнтам шырокі спектр магчымасцяў па ажыццяўленні сваіх уласных ідэй ці далучэнні да ўжо існуючых студэнцкіх ініцыятываў.

Кароткатэрміновыя студэнцкія праекты

Штогод Студэнцкая служба ЕГУ абвяшчае конкурсы культурніцкіх, забаўляльных, адукацыйных і спартовых студэнцкіх праектаў. Заяўкі на фінансаванне праектаў з універсітэцкага фонду прымаюцца ад студэнтаў бакалаўрскіх і магістарскіх праграм любога курса і формы навучання. Абвесткі пра конкурсы праектаў размяшчаюцца ў Moodle і на сайце ЕГУ.

Студэнцкія клубы і доўгатэрміновыя ініцыятывы

  • Літаратурны клуб ЕГУ запрашае студэнтаў ЕГУ і ўсіх жадаючых для абмеркавання актуальных літаратурных твораў і матэрыялаў студэнцкай газеты ЕГУ «Фенікс».
  • Дыскусійны клуб ЕГУ «Размаўляйма па-беларуску» запрашае студэнтаў і выкладчыкаў ЕГУ, неабыякавых да беларускай мовы, пагутарыць і абмеркаваць самыя разнастайныя тэмы на роднай мове.
  • English Speaking Club – студэнцкі праект, арганізаваны для ўсіх, хто хоча палепшыць свае навыкі англійскай мовы.
  • У ЕГУ працуе Клуб дакументальнага кіно, у межах якога студэнты глядзяць, абмяркоўваюць і вучацца аналізаваць дакументальныя кінастужкі.
  • Студэнты ЕГУ таксама маюць магчымасць развіць навыкі лагічнага мыслення ў межах Шахматнага клуба.
  • Дэбатны клуб ЕГУ дапамагае студэнтам навучыцца весці публічныя дыскусіі і аргументаваць свой пункт гледжання. Удзельнікі Дэбатнага клуба ЕГУ прымаюць удзел у міжнародных конкурсах і дэманструюць высокія вынікі.
  • Фотаклуб ЕГУ збірае ўсіх аматараў фатаграфіі для ўдзелу ў сумесных фотосустрэчах і абмеркаванню як сваіх, так і прафесійных фотаработ.
  • У ЕГУ працуе сацыяльна-культурны праект «Ад шчырага сэрца», валанцёры якога арганізуюць ворк-шопы і майстар-класы для дзяцей-сірот.
  • Валанцёрскі арт-праект Прамяні дабрыні запрашае студэнтаў вочнага і завочнага аддзялення для працы з дзецьмі з сацыяльна-педагагічнага цэнтра і дзіцячага дома ў Гомелі.
  • The EHU Times – незалежная газета, якая выдаецца студэнтамі праграмы «Медыя і камунікацыя». Змест віртуальнай газеты можа не супадаць з афіцыйнай пазіцыяй універсітэта.
Зараз мы аднаўляем вэб-старонку ўніверсітэта. Загадзя выбачаемся за магчымыя нязручнасці.