Галоўны навучальны корпус ЕГУ месціцца ў Вільні, сталіцы Літвы і гістарычнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага.

Вільня займае асаблівае месца ў калектыўнай памяці не толькі літоўцаў, але і іншых народаў. Беларусы, як і літоўцы, адносяць заснаванне сваёй дзяржаўнасці да часоў Вялікага Княства Літоўскага. Землі сучаснай Беларусі складалі значную частку Вялікага Княства, а беларуская культура была неад’емнай часткай мультыкультурнага асяроддзя ВКЛ і яго сталіцы.

Сучасная Вільня – дынамічная еўрапейская сталіца з насельніцтвам больш за паўмільёна чалавек. Літва з’яўляецца членам Еўрапейскага саюза, а таксама НАТО і ААН. Як і ў мінулым, беларуская культура і грамадства сёння прадстаўлены ў Вільні шматлікімі беларускімі арганізацыямі, у тым ліку праваабарончымі і палітычнымі арганізацыі, якія вядуць тут сваю працу дзеля лепшай будучыні Беларусі.

Геаграфічная блізкасць Вільні да Беларусі – адлегласць да мяжы складае ўсяго 30 км, прычым сярод еўрапейскіх сталіц толькі Браціслава і Вена размешчаны бліжэй адзін да адной, чым сталіцы Літвы і Беларусі, – робіць яе зручным месцам для размяшчэння штаб-кватэр беларускіх устаноў і арганізацый, якія па якіх-небудзь палітычных прычынах не ў стане весці сваю працу на тэрыторыі Беларусі. Такая геаграфія дазваляе студэнтам ЕГУ у Вільні падтрымліваць цесныя сувязі са сваёй радзімай і суайчыннікамі. Паездкі студэнтаў ЕГУ дадому ў Беларусь даволі частыя: у выходныя дні цягнік Вільня – Мінск запоўнены студэнтамі ЕГУ.