Студэнцкая канферэнцыя

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільня, Літва) запрашае студэнтаў бакалаўрскіх і магістарскіх праграм да ўдзелу ў ХХ Міжнароднай студэнцкай канферэнцыі ЕГУ, якая адбудзецца 5-6 траўня 2018 года ў Вільні.

Акадэмічная супольнасць, арыентаваная на вытворчасць сацыяльна адказнай крытычнай веды, міждысцыплінарную кааперацыю, эксперыментаванне з формамі даследчай працы і шырокую экспертызу ўсходне-еўрапейскіх працэсаў, прапануе разам шукаць адказы на наступныя пытанні:

  • Дэ-цэнтраванне ўніверсітэта: Хто сёння ўдзельнічае ў барацьбе за права на вытворчасць веды?

Тэматычныя фокусы: Каму сёння належыць права на вытворчасць ведаў? Як ціск на ўніверсітэт змяняе практыкі акадэмічнай працы? Як новыя тэхналогіі ўплываюць на адукацыю і даследаванні? Сведкамі ўзнікнення якіх новых формаў і супольнасцяў ведаў мы робімся? Як арганізаваны інстытут экспертызы? Хто фармуе новыя супольнасці ведаў? Ці існуе акадэмічная салідарнасць і які яе лёс у сучасным свеце?

  • Уяўленні аб Цэнтральнай і Усходняй Еўропе: Якія эфекты палітычных і праўных трансфармацыяў?

Тэматычныя фокусы: публічная палітыка, грамадзянская супольнасць і практыкі салідарнасці, міграцыйны крызіс і правы чалавека, эканамічная бяспека і праблемы еўрапейскай інтэграцыі, 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і “новыя нацыяналізмы”, гендар і палітыка.

  • У-ва-сабленне станаўлення: Як вынайсці мовы апісання сучасных культурных працэсаў і антрапалагічных зрухаў?

Тэматычныя фокусы: палітыкі памяці і актуалізацыя/вынаходніцтва спадчыны, “эмацыйны паварот” у гуманітарных навуках, сацыягуманітарныя праблемы навукова-тэхналагічнага развіцця.

  • Праектаванне пераўтварэнняў/designing change: Як шукаць эксперыментальныя формы партнерства для прыкладной крытычнай тэорыі?  

Тэматычныя фокусы: партысіпатыўныя падыходы да даследавання і стварэння праектаў у дызайне, архітэктуры, урбаністыцы, ‘практычныя’ даследаванні (practice-led research) і іх уплыў на вытворчасць новых ведаў, гендарны падыход у творчых, праектных практыках, ядзерныя тэхналогіі і новыя экалагічныя тэорыі.

  • Дыгіталізацыя навачаснасці: Як адказваць на эпістэмалагічныя і прагматычныя выклікі лічбавай рэальнасці?

Тэматычныя фокусы: размеркаваная веда і лічбавыя эканомікі, новыя формы ўдзелу і лічбавы паварот у сацыягуманітарыстыцы, дыгіталізацыя штодзённасці і лічбавая праца, камунікацыя і ідэнтычнасць у лічбавым асяроддзі, кампутарныя гульні і новыя формы мастацтва, курыраванне дадзеных і краўдсорсінг.

Секцыі канферэнцыі будуць сфармаваныя па выніках адбору атрыманых заявак.

У межах канферэнцыйнай праграмы пройдуць варштаты, адкрытыя інтэрактыўныя лекцыі, круглыя сталы, прэзентацыі кніг і студэнцкіх праектаў і г.д.

Працоўныя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, англійская.

Працэдура і тэрміны падачы заявак

Заяўкі прымаюцца ад студэнтаў бакалаўрскіх і магістарскіх праграм (ці эквівалентных ім). Удзел у канферэнцыі – на падставе конкурсу (будзе зроблены адбор заявак). Анлайн-заяўка павінна ўтрымліваць тэзісы даклада (аб’ём не больш за 500 словаў). Прыярытэт будуць мець даклады, у якіх прадстаўленыя вынікі эмпірычных даследаванняў.

Дэдлайн працягнуты да 18 сакавіка (для тых, каму неабходная віза) і да 31 сакавіка (для тых, каму не патрэбна віза, у тым ліку студэнтаў ЕГУ).

Удзел у канферэнцыі бясплатны (без рэгістрацыйнага ўнёску).  Канферэнцыя вочная: патрабуецца абавязковая асабістая прысутнасць удзельніка ў Вільні і выступленне з дакладам.

Месца правядзення канферэнцыі: навучальны корпус Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Візавая падтрымка

Студэнты, якім неабходная візавая падтрымка, павінныя ў заяўцы пазначыць актуальныя пашпартныя звесткі для атрымання візаў.

Выдаткі на праезд

Выдаткі на праезд да Вільні і назад удзельнікі аплачваюць самастойна. ЕГУ не мае магчымасці забяспечыць удзельнікам трэвэл-гранты.

Жытло

На перыяд правядзення канферэнцыі ўсім удзельнікам прадастаўляецца жытло ў бюджэтных гатэлях або хостэлах (бясплатна на дзве ночы – 4–6 траўня). Універсітэт не пакрывае выдаткі на жытло па-за пазначанымі датамі.

Харчаванне

Падчас працы секцый будуць арганізаваныя кава-паўзы для ўсіх удзельнікаў. Іншыя выдаткі на харчаванне ўдзельнікі пакрываюць самастойна. Сутачныя не прадугледжаныя.

Зборнік навуковых працаў

Зборнік тэзісаў не публікуецца. Па выніках канферэнцыі плануецца выданне анлайн-зборніка артыкулаў удзельнікаў канферэнцыі. Працэдура адбору артыкулаў для публікацыі:

  • вы выступаеце з дакладам на нашай канферэнцыі;
  • кіраўнік секцыі рэкамендуе ваш даклад да публікацыі (увага: рэкамендаваныя будуць толькі найлепшыя даклады);
  • цягам вызначанага часу вы перапрацоўваеце даклад у артыкул і дасылаеце яго кіраўніку секцыі;
  • кіраўнік секцыі прымае альбо адхіляе артыкул, выказвае заўвагі і прапановы па ўдасканаленні;
  • зборнік праходзіць рэдактуру.

Кантакты

Кантактны адрас: studentconference@ehu.lt. За абнаўленнямі сачыце на нашых старонках у сацыяльных сетках: VK, Facebook.