Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі

Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі служыць злучвом у міждысцыплінарных даследаваннях гісторыі Беларусі, арганізуе канферэнцыі і семінары ды выдае кнігі па беларускай гісторыі.

У склад Інстытута таксама ўваходзіць Цэнтр даследаванняў міграцыі гістарычнай Літвы (сучасных Беларусі, Літвы і Украіны).

Дзейнасць Інстытута гістарычных даследаванняў Беларусі

Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі (ІГДБ) утвораны ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў ліпені 2007 г. з мэтай адраджэння традыцый віленскай беларускай гуманістыкі. Цягам сваёй гісторыі Вільня неаднаразова рабілася адным з цэнтраў беларускай навукі і культуры. Варта толькі назваць імёны Францыска Скарыны, Вацлава Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, Адама Станкевіча, згадаць дзейнасць Беларускага навуковага таварыства (1918–1939) і Беларускага інстытута эканомікі ды культуры (1926–1936). Традыцыі віленскай беларускай гуманістыкі вартыя адраджэння, асабліва ўлічваючы той крызіс, у якім знаходзяцца гуманітарныя навукі ў Беларусі з прычыны ідэалагічнага ціску.

Мэта навуковай дзейнасці ІГДБ – развіццё даследаванняў у сферы антрапалагічна арыентаванай гісторыі. Прыярытэтныя кірункі працы Інстытута – навуковыя даследаванні ў галіне архівістыкі, гістарычнай біяграфістыкі, гісторыі штодзённасці, памяці, гістарычнай урбаністыкі. Дзейнасць ІГДБ пераважным чынам накіраваная на арганізацыю навуковых даследаванняў, а таксама на ўдзел у навучальным працэсе ЕГУ. Адукацыйная дзейнасць супрацоўнікаў Інстытута шчыльна павязаная з бакалаўрскай праграмай «Культурная спадчына».

Асноўныя кірункі даследаванняў і дзейнасці Інстытута ў 2012 г.:

  • Беларусістыка ў бібліятэках і архівах Літвы (даследчая праца ў архівах і бібліятэках з мэтай стварэння каталога беларусістыкі і базы копій дакументаў па гісторыі Беларусі).
  • ХХ стагоддзе ў памяці беларусаў (праект па вуснай гісторыі, які рэалізуецца ў супрацоўніцтве з Беларускім архівам вуснай гісторыі).
  • Гарадзенскі палімпсест (праект па вывучэнні сацыяльнай гісторыі г. Гродна).
  • Дыялогі культур памяці (Інстытут гісторыі Літвы, Музей гісторыі Польшчы ў Варшаве) (2011–2012).
  • Выданне часопіса «Homo Historicus», скіраванага на развіццё даследаванняў у галіне гістарычнай антрапалогіі.

Найбольш значныя ініцыятывы ІГДБ у 2012 г.

  • Выстава гістарычных дакументаў «Невядомая БНР» (25 сакавіка 2012 г., Вільня, ЕГУ).
  • Гарадзенскі палімпсест: людзі даўняй Горадні. V Міжнародная навуковая канферэнцыя (Гродна, 3–4 лістапада 2012 г.).
  • VII Міжнародная навуковая экспедыцыя па вуснай гісторыі «ХХ стагоддзе ў памяці беларусаў» супольна з Беларускім архівам вуснай гісторыі (ліпень–жнівень 2012 г.).

Супрацоўніцтва:

Інстытут запрашае да супрацоўніцтва даследчыкаў, зацікаўленых у распрацоўцы тэарэтычных і канкрэтна-гістарычных праблем антрапалагічна арыентаванай гісторыі Беларусі, а таксама тых, хто імкнецца да ўмацавання міждысцыплінарнага дыялогу ў гуманітарных дысцыплінах. Найбольш актыўныя навуковыя партнёры ІГДБ – Інстытут гісторыі Літвы, Інстытут Вялікага Княства Літоўскага пры Універсітэце імя Вітаўта Вялікага ў Каўнасе, Беларускі архіў вуснай гісторыі, Беларускае гістарычнае таварыства (Гродна – Беласток).

Некаторыя выданні, падрыхтаваныя супрацоўнікамі Інстытута:

  • Homo Historicus 2012. Гадавік антрапалагічнай гісторыі / пад. рэд. А.Ф. Смаленчука. – Вільня: ЕГУ, 2012. – 526 с.
  • Соркіна, І. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. Вільня: ЕГУ, 2010. 488 с.
  • Homo historicus 2009. Гадавік антрапалагічнай гісторыі / пад. рэд. А.Ф. Смаленчука. Вiльня: ЕГУ, 2010.
  • Шыбека, З. Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет. Курс лекцый. / Вільня: ЕГУ, 2009. 2002 с.
  • Раманава, І., Махоўская, І. Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары. Вільня : ЕГУ, 2009. 248 с.

Супрацоўнікі ІГДБ:

  • Ірына Дубянецкая ─ доктарка тэалогіі;
  • Юрый Бачышча ─ кандыдат гістарычных навук;
  • Вольга Шаталава ─ Ph.D.;
  • Сяргей Харэўскі ─ магістр мастацтвазнаўства.

Эл. пошта: belhistoricalstudies@ehu.lt

Зараз мы аднаўляем вэб-старонку ўніверсітэта. Загадзя выбачаемся за магчымыя нязручнасці.