Цэнтр яўрэйскіх даследаванняў

Цэнтр яўрэйскіх даследаванняў быў заснаваны ў траўні 2010 г.

Цэнтр праводзіць навуковыя канферэнцыі, семінары, круглыя сталы і лекцыі; займаецца сістэматызацыяй, каталагізацыяй і алічбаваннем архіўных матэрыялаў; рыхтуе да публікацыі архіўныя крыніцы; ажыццяўляе даследчую працу; выдае беларускі навуковы штогоднік «Цайтшрыфт» (צייַטשריפֿט), прысвечаны выключна пытанням яўрэйскіх штудыяў (першы нумар быў прэзентаваны ў чэрвені 2011 г. на міжнароднай навуковай канферэнцыі ЕГУ «Social sciences, humanities and higher education in Eastern Europe after 1991»).

Дзейнасць Цэнтра яўрэйскіх даследаванняў

Напрыканцы 1990-х у Беларусі сфармавалася кола навукоўцаў, чые даследчыя зацікаўленні ўключалі праблемы іудаікі — мультыдысцыплінарнага поля, сканцэнтраванага на вывучэнні моў, гісторыі і культуры яўрэйскага народа. З мэтай яднання гэтых спецыялістаў і каардынацыі іх высілкаў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (ЕГУ) у траўні 2010 г. быў заснаваны Цэнтр яўрэйскіх даследаванняў.

Дзейнасць Цэнтра ахапляе:

  • арганізацыю навуковых канферэнцый, семінараў, круглых сталоў, лекцый;
  • сістэматызацыю, каталагізацыю і алічбаванне архіўных матэрыялаў;
  • публікацыю архіўных крыніц;
  • даследчую працу;
  • выданне беларускага навуковага штогодніка «Цайтшрыфт» (צייַטשריפֿט), прысвечанага выключна пытанням яўрэйскіх штудыяў.

«Штогоднік будзе асвятляць даследчыя пытанні, спецыфічныя для беларускай і ўсходнееўрапейскай іудаікі, у той самы час змяшчаючы іх у больш шырокі кантэкст новых трэндаў у гуманітарных навуках пачатку XXI стагоддзя», – сказаў галоўны рэдактар і дырэктар Цэнтра вывучэння гісторыі і культуры яўрэйства на Беларусі Дзмітрый Ш.

«Цайтшрыфт» з’яўляецца адзіным часопісам у Беларусі, прысвечаным яўрэйскім штудыям. Рэдакцыйная калегія разглядае ўласнае выданне як працяг старых традыцый беларускай іудаікі, запачаткаваных часопісам «Цайтшрыфт», які выходзіў у Мінску ў 1926–31 гг. Выданне асвятляе даследчыя пытанні, спецыфічныя для беларускай і усходнееўрапейскай юдаікі, у той жа размяшчае іх у больш шырокі кантэкст новых трэндаў у гуманітарных навуках пачатку XXI стагоддзя. У якасці праблемных палёў выдаўцы штогодніка вылучаюць пытанні сацыяльна-эканамічнай, палітычнай гісторыі і гісторыі культуры яўрэйства ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, а таксама гісторыі Ізраіля, яго ўнутранай і знешняй палітыцы.

Часопіс індэксуецца ў базах даных EBSCO і RAMBI.

Рэдактарскі калектыў новага «Цайтшрыфта» выказвае спадзеў, што штогоднік натхніць і актывізуе яўрэйскія штудыі, аб’яднае высілкі найлепшых даследчыкаў у Беларусі, у постсавецкіх дзяржавах, у краінах Усходняй Еўропы. У склад рэдакцыйнай калегіі ўваходзяць дактары і кандыдаты навук з Беларусі, Літвы, Расіі, Украіны, Ізраіля, Арменіі, Вялікабрытаніі, ЗША: Ірэна Вайшвілайтэ (Літва); Анастасія Іокша (Арменія);
Яўгеніі Котляр (Украіна); Клер Ле Фоль (Вялікабрытанія);
Аляксандра Палян (Расія); Дзмітрый Прохараў (Расія); Ігар Співак (Расія); Аляксей Сіверцэў (ЗША); Шауль Штампфер (Ізраіль).