Засноўваючы Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Мінску ў 1992 годзе, прызнаны спецыяліст у галіне нямецкай філасофіі акадэмік Анатоль Арсеньевіч Міхайлаў імкнуўся стварыць альтэрнатыву сістэме адукацыі, якую новая незалежная Беларусь атрымала ў спадчыну ад Савецкага Саюза.

Крыніцай натхнення для акадэміка Міхайлава пры заснаванні ЕГУ была мадэль заходняга гуманітарнага ўніверсітэта. Цягам першага дзесяцігоддзя свайго існавання ЕГУ атрымаў шырокую вядомасць як адзін з найлепшых універсітэтаў Беларусі.

Напярэдадні гвалтоўнага закрыцця ЕГУ акадэмік Міхайлаў і яго супрацоўнікі зазнавалі ўсё большы ціск з боку аўтарытарных уладаў Беларусі, якія намагаліся ўзмацніць кантроль над вышэйшай адукацыяй у краіне. Адмовіўшыся саступіць перад падобным ціскам, акадэмік Міхайлаў пакінуў Беларусь, а ЕГУ ў Мінску быў зачынены ўладамі.

Атрымаўшы падтрымку паўночнаамерыканскіх і еўрапейскіх фундатараў, акадэмік узначаліў працэс узнаўлення ЕГУ ў Вільні, сталіцы суседняй Літвы, і быў адноўлены на пасадзе Рэктара міжнароднай Кіраўнічай радай ЕГУ. Універсітэт вытрываў перад абліччам рэпрэсій, гвалтоўнага закрыцця і выгнання дзякуючы выключным лідарскім здольнасцям і трываласці акадэміка Міхайлава.

Акадэмік Міхайлаў атрымаў ступень доктара філасофіі ў Енскім універсітэце. Ён з’яўляецца чальцом Еўрапейскай акадэміі навук і мастацтваў, а таксама Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ды іншых адукацыйных устаноў. Ён таксама чалец Міжнароднай рады Міжнароднага цэнтра па дэмакратычным пераходным перыядзе. У 2003 годзе акадэмік Міхайлаў быў уганараваны званнем афіцэра Ордэна Акадэмічных пальмаў Францыі, а ў 2004 годзе атрымаў прэстыжную ўзнагароду Германіі – Медаль Гётэ.

З кастрычніка 2014 года Рэктар-заснавальнік акад. Анатоль Міхайлаў прызначаны Прэзідэнтам ЕГУ.