«У мінулым годзе разам з вялікай камандай (больш за сто ўдзельніц і ўдзельнікаў) мы запісалі аўдыёверсію кнігі «Мова 404» Аліны Нагорнай. Праект стаў паспяховым. Заяўкі далучыцца мы атрымлівалі яшчэ доўгі час пасля рэлізу. Таму вырашылі ісці далей: мы распачынаем прыём заявак на ўдзел у запісе наступнай кнігі», — адзнаецца ў прэс-рэлізе праекта.
Хто гэта робіць?
Праект audiobooks.by, выдавецтва «Скарына», пры ўдзеле выдаўніцы аўдыякніг акторкі Крысціны Дробыш.
Якую кнігу пішам?
Анталёгiя беларускага гей-пісьменства «Мальцы выходзяць з-пад кантролю» пад рэдакцыяй дацэнта ЕГУ д-ра Ўладзіслава Іванова (Гарбацкага). Ейная прэзентацыя адбылася на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA 7 кастрычніка 2023 года.
Як узяць удзел?
Прапануецца запоўніць форму для заяўкі, далучыць да яе тры аўдыёфайлы (тэксты для чытання на выбар). Запіс можна зрабіць на звычайны дыктафон у тэлефоне.
«Нашыя рэдактары адбяруць колькі ўдзельнікаў і ўдзельніц, з якімі мы і пачнём непасрэдны запіс. З імі будуць працаваць прафесійная каманда рэдактараў, гукарэжысёраў і актораў. Мы дапаможам выправіць памылкі і недахопы маўлення, і падцягнуць якасць запісу», – заяўляюь аўтары праекта.
Напрыканцы запісаная разам аўдыёкніга будзе выдадзеная бясплатна на падкастах і ў крамах.
Падкрэсліваецца, што паўдзельнічаць у запісе аўдыякнігі можа кожны незалежна ад узросту, валодання беларускай мовай і наяўнасці адпаведнага досведу!
Форма для заяўкі і кароткая інструкцыя тут. Заяўкі прымаюцца да 1 лістапада 2023 года.