Нецікавасць, празмерная ідэалагізаванасць і выключна пазітывісцкі падыход сучасных падручнікаў па гісторыі Беларусі выклікаюць шмат нараканняў як з боку настаўнікаў, так і з боку вучняў ды іх бацькоў. Ад настаўнікаў патрабуюцца значныя высілкі і час на пошукі матэрыялаў, якія б кампенсавалі недахопы існуючых падручнікаў.
Мэтай семінара быў абмен вопытам па выкладанні «складаных тэмах» беларускай гісторыі паміж настаўнікамі і навукоўцамі, якія працуюць у ЕГУ.
Каманда гісторыкаў ЕГУ, сярод якіх такія вядомыя беларускія навукоўцы, як праф. Генадзь Сагановіч, праф. Ірына Раманава, дац. Іна Соркіна, дац. Андрэй Чарнякевіч, дац. Юрась Бачыша, дац. Ірына Махоўская ды лектар Сяргей Харэўскі здолелі паказаць на канкрэтных тэмах школьнай праграмы, як настаўнік можа выкарыстоўваць канцэпцыі паўсядзённасці, антрапалагізацыі гісторыі, мікрагістарычны падыход, вусную гісторыю, каб зрабіць школьны прадмет «Гісторыя Беларусі» цікавым і захапляльным. Настаўнікі, у сваю чаргу, падзеліліся сваімі ведамі і вопытам працы.
З мэтай дапамогі настаўнікам кожны з гісторыкаў ЕГУ падрыхтаваў матэрыялы, якія могуць спратрэбіцца на класных занятках (артыкулы, аріхіўныя дакументы, візуальны матэрыял, спіс карысных інтэрнэт-спассылак). Дадзеныя матэрыялы ўдзельнікі семінару змясцілі на партале Web Κλειώ з тым, каб як мага большая колькасць настаўнікаў змагла з імі азнаёміцца.
Пазітыўныя водгукі настаўнікаў сведчаць аб тым, што арганізатары семінара дасягнулі пастаўленай мэты. «Я вельмі рада, што трапіла на семінар. З’явіліся ідэі па навучанні настаўнікаў і планы на наступны вучэбны год па семінарам. Мы вельмі спадзяёмся на супрацоўніцтва з выкладчыкамі ЕГУ. Спадзяюся на новыя сустрэчы і цікавыя праекты», – кажа ўдзельніца семінара Алена Палейка. Настаўнік Аляксандар Вароненка дзякуе арганізатарам і спаздяецца на запрашэнне на наступны семінар: «Было вельмі прыемна пачуць прафесійныя выступы выкладчыкаў і атмасферу прафесіяналізму ў камунікацыі паміж ўдзельнікамі. Буду рад магчымасці паўдзельнічаць у наступным семінары».
Часова выконваючая абавязкі кіраўніка Дэпартамента гісторыі ЕГУ праф. Ірына Раманава станоўча ацэньвае вынікі семінара для настаўнікаў: «Найбольшая каштоўнасць дадзенага мерапрыемства ў тым, што мы далі настаўнікам даволі шмат матэрыялаў па тэмах, якія вельмі дрэнна прадстаўлены ў падручніках (рэпрэсіі, калектывізацыя, БНР і інш.) і паказалі, як з гэтым матэрыялам можна працаваць. Безумоўна, кожны настаўнік вырашыць сам, як і што з гэтага ён скарыстае. Але водгукі настаўнкаў сведчаць аб тым, што семінар быў для іх карысны і цікавы».
Наступны «Настаўніцкі семінар» плануецца восенню 2016 года ў Вільні і будзе прысвечаны Сярэднявеччу ды Новаму часу ў гісторыі Беларусі.