Анлайн-галасаванне працягнецца да 19 чэрвеня. У ім могуць узяць удзел студэнт_кі, выпускні_цы, выкладчы_цы і супрацоўні_цы ЕГУ. Пераможца атрымае ганаровы сертыфікат, а яе імя будзе ўвекавечана на Дошцы гонару ва універсітэце.
Націсніце тут, каб прагаласаваць.
Прадстаўляем вам фіналістак конкурсу:
Наталля Зданевіч – выпускніца магістарскай праграмы «Развіццё культурнай спадчыны» 2023 года. Прадусарка, удзельніца комплексных праектаў у сферы актуалізацыі спадчыны з 2013 года: спрыянне развіццю тэрыторыі сродкамі культуры і працы з мясцовай супольнасцю, фандрайзінг, ментарства (стварэнне баз даных, кніг, путыўнікаў; арганізацыя міжнародных архіўных даследаванняў, распрацоўка мабільных дадаткаў і інш.). Супрацоўнічае з польскім фондам KUT, выкладае ў ЕГУ і каардынуе маштабны выдавецкі праект «Атлас Брэсцка-Літоўскай крэпасці». Нягледзячы на адсутнасць інстытуцыйнай падтрымкі ўнутры краіны, Наталля захоўвае прафесійныя сувязі і працягвае развіваць беларускую спадчыну — у Еўропе і для Беларусі. Членка прафесійнай грамадскай арганізацыі ICOMOS-Беларусь.
Іаланта Казакова – выпускніца магістарскай праграмы «Візуальная пластыка» 2023 года. Яшчэ падчас навучання яна курыравала сацыяльныя сеткі ЕГУ і запусціла студэнцкі TikTok-канал, які стаў эфектыўным інструментам далучэння абітурыентаў і росту ўніверсітэцкай супольнасці. Пасля выпуску Іаланта працягнула супрацоўніцтва з універсітэтам: каардынавала канферэнцыі, вяла праекты і актыўна ўдзельнічала ў жыцці ЕГУ. Сёння яна – сузаснавальніца музычнай платформы ў Польшчы, якая аб’ядноўвае артыстаў, пляцоўкі і слухачоў. Праект ужо знайшоў водгук у шырокай аўдыторыі. Іаланта спалучае прадпрымальніцтва, прадзюсаванне культурных падзей і выкладанне, застаючыся яскравай прадстаўніцай каштоўнасцяў і місіі ЕГУ ў міжнародным кантэксце.
Глафіра Жук – выпускніца бакалаўрскай праграмы «Медыя і камунікацыя» 2024 года, актыўна працуе ў незалежным медыясектары ў эміграцыі. Пачынала ў 2020 годзе з працы ў газеце «Народная Воля», была студэнткай факультэта журналістыкі БДУ, адкуль яе адлічылі па палітычных матывах. У Беларусі Глафіра адбывала 30 сутак арышту за сваю прафесійную дзейнасць, пасля чаго была вымушаная пакінуць краіну. Працавала і працягвае пісаць для «Нашай Нівы», перамагла ў конкурсе «Вольнае слова – 2023» у намінацыі «Расследаванне», праходзіла стажыроўку ў беларускай службе «Радыё Свабода». З’яўляецца членкай Беларускай асацыяцыі журналістаў, дзе ўдзельнічае ў адукацыйных праектах. На Глафіру Жук беларускія ўлады завялі крымінальную справу і абвясцілі яе ў вышук, журналістка пацярпела праз рэпрэсіі.