У межах падрыхтоўкі ЕГУ да Донарскай канферэнцыі, якая запланаваная на красавік 2017 г., ЕГУ правёў шэраг істотных сустрэч і дыскусій з прадстаўнікамі дыпламатычнай супольнасці. Шэраг сустрэч распачаўся 8 лютага з візіта ў ЕГУ Амбасадара Эстоніі ў Літве Яны Ванавескі. Эстонія будзе ўзначальваць Раду Еўрапейскага Саюза ў ліпені-снежні 2017 г., і падтрымка гэтай краіны надвычай істотная для ўніверсітэта. Як зазначыла сп. Ванавескі: «Эстонія з’яўляецца шматгадовым партнёрам і донарам ЕГУ і будзе працягваць падтрымліваць важную місію ўніверсітэта ў рэгіёне Усходняй Еўропы».
14 лютага кіраўніцтва ЕГУ – Прэзідэнт акад. Анатоль Міхайлаў і в.а. Рэктара Ёрген Ёргенсэн – сустрэліся з Амбасадарам Чэхіі ў Літве сп. Багумілам Мазанэкам і распавялі пра вынікі ўмацавання ўнутраных працэсаў ва ўніверсітэце, у прыватнасці, удасканальвання сістэмы кіравання, стратэгічнага планавання і бюджэтнай палітыкі.
Як вядома, Урад Чэхіі забяспечыў фінансавую падтрымку праекту Агульнаўніверсітэцкай падрыхтоўкі ЕГУ. Па словах сп. Мазанэка: «Мы з радасцю назіраем за паспяховай распрацоўкай і ўвядзеннем Агульнаўніверсітэцкай падрыхтоўкі ЕГУ, якая сталася магчамай пры падтрымцы Чэшскага ўрада. ЕГУ здзейсніў сур’ёзныя крокі, і нам важна бачыць станоўчыя вынікі апошніх змен ва ўніверсітэце. Місія ЕГУ працягвае заставацца надзвычай істотнай. Мы радыя быць часткай міжнароднай супольнасці, якая падтрымлівае ЕГУ».
У той самы дзень ЕГУ наведала дэлегацыя ў складзе Амбасадара Румыніі ў Літве і Латвіі сп. Дана Адрыяна Баланэску і Другого сакратара Сімоны Батэзату. Сп. Баланэску адзначыў: «Румынія ухваляе адукацыйную і навуковую актыўнасць ЕГУ і будзе шукаць новыя шляхі падтрымкі ўніверсітэта. Пакаленні прафесіяналаў-выпускнікоў ЕГУ, большасць з якіх вярнуліся ў Беларусь, сведчаць пра поспехі гэтага акадэмічнага праекта, які падтрымліваецца Літвой і іншымі краінамі ЕС».
27 лютага кіраўніцтва ЕГУ сустрэлася з Амбасадарам Нарвегіі ў Літве Дагам М. Хальворсэнам, Амбасадарам Фінляндыі ў Літве і Беларусі Крыстэрам Міхельсанам і Другім сакратаром амбасады Швецыі ў Літве Самуэлем Персанам. Адміністрацыя ЕГУ выказала ўдзячнасць прадстаўнікам Паўночных краін за іх адданасць місіі ЕГУ і адзначыла ключавую ролю Шведскага агенцтва па міжнародным развіцці (SIDA) у працэсе ацэнкі эфектыўнасці кіравання ўніверсітэтам, абнаўлення складу Кіраўнічай рады ЕГУ і правядзенні міжнароднага конкурсу па пошуку Рэктара ЕГУ. Па словах акад. А. Міхайлава: «Падтрымка і разуменне Паўночнымі краінамі спецыфікі ЕГУ з’яўляюцца надзвычай важнымі для існавання нашага праекта. Паўночныя краіны аказвалі важную дапамогу з моманту пераезда ЕГУ ў Вільню».
28 лютага дэлегацыя ЕГУ накіравалася ў Амбасаду Польшчы ў Літве, дзе адбылася сустрэча з Амбасадарам Яраславам Чубіньскім. Па словах сп. Чубіньскага: «Польшча ганарыцца тым, што з’яўляецца шматгадовым сябрам і донарам ЕГУ. Перспектывы развіцця ўніверсітэта, прадстаўленыя акад. А. Міхайлавым і в.а. Рэктара Ё. Ёргенсэнам, выклікаюць вялікія надзеі. Мы падтрымліваем імкненне ўніверсітэта працягваць паляпшаць якасць адукацыі і ўмацоўваць акадэмічныя сувязі з партнёрамі з рэгіёну, у прыватнасці з польскімі ўніверсітэтамі».
Кіраўніцтва ЕГУ таксама сустрэлася з Міністрам асветы і навукі Літвы Юргітай Пятраўскене і дарадцай прэм’ер-міністра Літвы Уне Каўнайтэ. Міністр падтрымала намеры ЕГУ развіваць больш шчыльнае навуковае і акадэмічнае супрацоўніцтва з іншымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Літвы і дзяліцца набытым досведам і экспертызай ў выкладанні свабодных мастацтваў і навук (liberal arts).