ЕГУ запрашае на «Настаўніцкі семінар» у Вільні

Дэпартамент гісторыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) запрашае настаўнікаў беларускіх школ, ліцэяў і гімназій на адмысловы семінар, падчас якога будуць абмеркаваныя праблемы выкладання складаных тэмаў па гісторыі Беларусі.

Празмерная ідэалагізаванасць сучасных беларускіх падручнікаў не дае магчымасці весці вольныя дэбаты па істотных для кожнага беларуса гістарычных пытаннях. Дыялог паміж настаўнікамі і вучнямі нярэдка абмежаваны адсутнасцю аб’ектыўнага і вычарпальнага матэрыяла па некаторых гістарычных тэмах. З мэтай пераадолець недахопы школьнай сістэмы навучання ў галіне гісторыі Беларусі ЕГУ ладзіць «Настаўніцкі семінар». Падчас семінара выкладчыкі ЕГУ падзеляцца з настаўнікамі сваімі працоўнымі і метадычнымі матэрыяламі, распавядуць пра сучасныя падыходы ў вывучэнні і выкладанні гісторыі.

Каманда гісторыкаў ЕГУ, сярод іх праф. Генадзь Сагановіч, праф. Ірына Раманава, дац. Іна Соркіна, дац. Андрэй Чарнякевіч, дац. Юрась Бачыша ды лектар Сяргей Харэўскі будуць радыя падзяліцца сваімі ведамі, матэрыяламі і выкладчыцкім вопытам са школьнымі настаўнікамі гісторыі. Настаўнікі, у сваю чаргу, падзеляцца сваім досведам. Мэта семінара – паказаць на канкрэтных тэмах школьнай праграмы, як настаўнік можа выкарыстоўваць канцэпцыі паўсядзённасці, антрапалагізацыі гісторыі, мікрагістарычны падыход, каб зрабіць школьны прадмет «Гісторыя Беларусі» цікавым і захапляльным.

Мінулы «Настаўніцкі семінар» праводзіўся 14-15 траўня 2016 года ў Мінску і быў прысвечаны падыходам да вывучэння найноўшай гісторыі Беларусі.

Другі «Настаўніцкі семінар» прысвячаецца найперш пытанням Сярэднявечча і Новага часу гісторыі Беларусі і адбудзецца 1-2 красавіка ў Вільні.

Увага! Рэгістрацыя ўдзельнікаў з прадстаўленнем бесплатнай Шэнгенскай візы адбываецца да 12 лютага па спасылцы. Колькасць удзельнікаў абмежаваная. Пры адборы ўдзельнікаў перавага аддаецца тым настаўнікам, якія ўжо ўдзельнічалі ў «Настаўніцкім семінары» ЕГУ у траўні 2016 г. Настаўнікі, якія паспяхова скончаць семінар, атрымаюць сертыфікаты.

Удзельнікам семінара будзе арганізавана пражыванне ў гатэлі ў Вільні, а таксама будуць кампенсаваны транспартныя выдаткі ў разліку да 30 еўра на асобу.

Назад