2-5 траўня плануецца правесці перадканферэнцыйную падрыхтоўчую праграму: воркшопы, лекцыі, круглыя сталы, прэзентацыі кніг і студэнцкіх навуковых праектаў, прагляды фільмаў, трэнінгі.
Студэнцкая навуковая канферэнцыя ЕГУ сёлета ладзіцца пад знакам дзвюх выбітных датаў: 500-годдзя выдання Францыскам Скарынам першай беларускай друкаванай кнігі (і першай друкаванай кнігі на ўсходнеславянскай мове) і 25-гадовага юбілею Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Заяўкі прымаюцца ад студэнтаў бакалаўрскіх і магістарскіх праграм. Заяўку на ўдзел у канферэнцыі просім падаваць праз анлайн-форму. Заяўка павінна ўтрымліваць тэзісы даклада (аб’ём 3000-6000 знакаў). Удзел у канферэнцыі – на падставе конкурсу (будзе зроблены адбор заявак).
Калі вам неабходная віза: апошні тэрмін падачы заявак – 25 лютага 2017 г. Вынікі конкурснага адбору будуць паведамленыя не пазней за 8 сакавіка 2017 г.
Калі вам не трэба віза: апошні тэрмін падачы заявак – 25 сакавіка 2017 г. Вынікі конкурснага адбору будуць паведамленыя не пазней за 8 красавіка 2017 г.
Удзел у канферэнцыі бясплатны (без рэгістрацыйнага ўнёску). Канферэнцыя вочная: патрабуецца абавязковая асабістая прысутнасць удзельніка ў Вільні і выступленне з дакладам.
Працоўныя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, англійская.
Месца правядзення канферэнцыі: навучальны корпус Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (вул. Валакупю, 5, Вільня, Літва).
Візавая падтрымка
Студэнты, якім неабходная візавая падтрымка, павінныя ў заяўцы пазначыць актуальныя пашпартныя звесткі для атрымання візаў. Пашпарт павінен быць прыдатны для выезду за мяжу. Віза выдаецца бясплатна.
Жытло
На перыяд правядзення канферэнцыі ўсім удзельнікам прадастаўляецца жытло ў бюджэтных гатэлях або хостэлах (бясплатна на дзве ночы – 5–7 траўня). Універсітэт не пакрывае выдаткі на жытло па-за пазначанымі датамі (акрамя: гл. пункт “Фінансавая падтрымка”).
Фінансавая падтрымка
Аўтары найлепшых тэзісаў дакладаў (паводле выбару кіраўнікоў секцый) будуць узнагароджаныя мінігрантамі, якія пакрываюць выдаткі на пражыванне ў Вільні цягам усяго цыклу канферэнцыйных мерапрыемстваў (2-7 траўня). Калі аплікант жадае прэтэндаваць на мінігрант, просім пазначыць гэта ў анлайн-заяўцы і запоўніць поле “Матывацыя”. Мінігрант пакрывае пражыванне і ў грашовым эквіваленце на рукі не выдаецца. Атрымальнік мінігранту павінен гарантаваць свой удзел у перадканферэнцыйных мерапрыемствах у вышэйзгаданыя даты.
Да таго ж, сёлета ўпершыню аўтар(-ка) найлепшага даклада на студэнцкай канферэнцыі ЕГУ атрымае мінігрант, каб наведаць Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі (які пройдзе 15-17 верасня ў Варшаве), дзе яму/ёй будзе ўручаны ганаровы сертыфікат.
Зборнік навуковых працаў
Зборнік тэзісаў не публікуецца. Па выніках канферэнцыі плануецца выданне анлайн-зборніка артыкулаў удзельнікаў канферэнцыі, рэкамендаваных да публікацыі.
Кантакты
Кантактны адрас: studentconference@ehu.lt
Больш дэталёвая інфармацыя: http://old.ehu.lt/be/public-programs/studenckaja-kanferencyja-EHU
Секцыі канферэнцыі: http://old.ehu.lt/be/public-programs/studenckaja-kanferencyja-EHU/sekc
За абнаўленнямі сачыце таксама на нашых старонках у сацыяльных сетках: Vk ды ў Facebook.