Візіт «Рэфармацыя і адзіны свет – спадчына Рэфармацыі ў Германіі» (Reformation and One World – the Legacy of the Reformation in Germany) быў арганізаваны Міністэрствам замежных спраў Германіі і Евангельскай царквой Германіі з дапамогай Інстытута Гётэ з нагоды адзначэння 500-годдзя Рэфармацыі. Тур прадугледжваў шэраг сустрэч з вядомымі даследчыкамі спадчыны Рэфармацыі і непасрэдна самога пачынальніка яе – Марціна Лютара.
31 кастрычніка ўдзельнікаў чакала святочная праграма з нагоды Дня Рэфармацыі, які шырока адзначаўся ў Германіі. У царкве св. Марыі ў цэнтры Берліна адбылося святочнае набажэнства. На ім побач з урачыстымі прамовамі спяваліся гімны, створаныя самім Марцінам Лютарам, які быў не толькі святаром і рэфарматарам, але і таленавітым музыкам і аўтарам спеваў. Перамены, якія пачаліся яго выступленнем супраць гандлю індульгенцыямі ў вядомых «95 тэзісах», распаўсюдзіліся не толькі на царкоўнае жыццё, але ўскалыхнулі і перамянілі ўсё нямецкае грамадства, а потым, падхопленыя іншымі рэфарматарамі ў розных краінах, пашырыліся на ўвесь свет.
На згаданай святочнай сустрэчы адбылося падсумаванне «дэкады Марціна Лютара» – дзесяцігадовага пралога да адзначэньня 500-гадовага юбілею Рэфармацыі. Медалём Марціна Лютара быў упершыню ў гісторыі ўзнагароджаны каталіцкі кардынал Карл Леман за ягоны ўнёсак у прымірэнне і дыялог паміж двума найбуйнейшымі канфесіямі Германіі.
Пасля ўрачыстага набажэнства ўсіх удзельнікаў чакаў святочны канцэрт з удзелам федэральнага прэзідэнта Германіі Ёхіма Гаўка (былога лютаранскага пастара), які звярнуўся да ўдзельнікаў з пасланнем пра свабоду і асабістую адказнасць за яе кожнага чалавека.
Побач з яшчэ шэрагам цікавых сустрэч, удзельнікі тура на працягу некалькіх дзён наведвалі месцы, звязаных з жыццём слаўнага рэфарматара – Айзэнаг з Вартбургскім замкам (дзе «выкрадзены» Лютар перакладаў Біблію на нямецкую мову), Эрфурт з аўгустынскім кляштарам (дзе Лютар быў манахам) і, нарэшце, Вітэнбэрг (дзе вітэнбэргскі прафэсар напісаў і прыбіў свае славутыя тэзісы). У горадзе адзначаны і памятныя месцы, дзе пражывалі сябры і паплечнікі Марціна Лютара – тэолаг і адзін з лідараў Рэфармацыі Філіп Мэлянхтон і сусветнавядомы мастак Лукас Кранах (малодшы), дзякуючы якому мы маем шэраг карцін з выявамі Марціна Лютара.
Увесь наступны год Германія і ўвесь свет будзе адзначаць 500-годдзе Рэфармацыі, яе святкаванне ўжо абвешчана на дзяржаўным узроўні ў Літве і Украіне, а беларусы адзначаць яшчэ і 500 год выдання беларускай Бібліі Францыскам Скарынай, што паспрыяла пашырэнню рэфармацыйных ідэй у Вялікім княстве Літоўскім нашай супольнай былой дзяржаве.