Ментарства – гэта працэс супрацы паміж выпускнікамі і студэнтамі ЕГУ, падчас якога асноўная ўвага надаецца практычнаму і прафесійнаму развіццю студэнта. Працуючы са студэнтам выпускнік-ментар распавядае пра свой прафесійны і акадэмічны шлях, дае карысныя парады, дапамагае студэнту прааналізаваць і ацаніць ягоныя дасягненні і паразы. Такім чынам выпускнікі будуць садзейнічаць Альма-матэр у выкананні яе асноўнай місіі – выхаваць адукаваных і самастойных асоб, здольных думаць творча і крытычна, адаптавацца да хуткіх перамен у свеце, праяўляць ініцыятыву і працаваць на карысць беларускага грамадства.
Выпускнікі ЕГУ будуць не проста кансультаваць студэнтаў па акадэмічных пытаннях, але і даваць практычная парады наконт кар’ерных і навучальных магчымасцяў, пошука практыкі і працы, жыцця ў Вільні і ішных актуальных для студэнтаў праблем. Досвед выпускнікоў будзе надзвычай карысным для студэнтаў ЕГУ, якія толькі распачынаюць свой акадэмічны і прафесійны шлях. Вядома, што сярод выпускнікоў ЕГУ знаходзіцца мноства паспяховых бізнэсоўцаў, даследчыкаў і крэатыўных асоб, таму іх поспех мусіць натхняць студэнтаў прыкладаць яшчэ больш намаганняў для асабістай самарэалізацыі.
Па выніках рэгістрацыі выпускнікоў-ментараў дапамагчы сваім малодшым калегам выказалі жаданне 18 выпускнікоў бакалаўрскіх і магістарскіх праграм, якія скончылі ўніверсітэт як у Вільні, так і ў Мінску. У праграме таксама ўдзельнічаюць 34 студэнта ЕГУ, якія будуць размеркаваныя паміж ментарамі, улічваючы накірунак іх навучання, інтарэсы і пажаданні.
Па словах каардынатара па працы з выпускнікамі ЕГУ Андруся Храпавіцкага, ментарская праграма – гэта новы крок у паляпшэнні якасці навучання і падрыхтоўкі студэнтаў. «Мы шчыра ўдзячныя тым выпускнікам, якія пагадзіліся падзяліцца сваім досведам са студэнтамі ЕГУ. Сённяшнім студэнтам будзе надзвычай карысна атрымаць каштоўныя парады і ад сваіх папярэднікаў. Акрамя таго, такое супрацоўніцтва будзе судзейнічаць ўмацаванню супольнасці ЕГУ і стварэнню моцных сувязяў паміж рознымі пакаленнямі студэнтаў і выпускнікоў», – кажа А. Храпавіцкі, які сам скончыў бакалаўрыят ЕГУ у 2010 годзе.
Ужо 8 лістапада а 18 гадзіне (па віленскім часе) адбудзецца ўступны вэбінар для ментараў-выпускнікоў ЕГУ, на якім удзельнікі праграмы даведаюцца, як зрабіць працу са студэнтамі найбольш эфектыўнай для абодвух бакоў. Пасля гэтага выпускнікі і студэнты самі абмяркуюць фармат камунікацыі, тэмы і перыядычнасць сустрэч.
Праграма ментарства выпускнікоў ЕГУ будзе цягнуцца часам усяго 2016/17 навучальнага года.