3 кастрычніка (панядзелак) а 12:00 у аўдыторыі 214 навучальнага корпуса ЕГУ (вул. Валакупю, 5) адбудзецца ўрачыстая Цырымонія адкрыцця 2016/17 навучальнага года для студэнтаў бакалаўрскіх праграм сталай формы навучання і студэнтаў магістарскіх праграм. У гэтым годзе павітаць студэнтаў-першакурскнікаў прыедуць высокапастаўленыя госці, сярод якіх віцэ-міністр замежных спраў Літвы Нерыс Германас і чалец Кіраўнічай рады ЕГУ д-р Жыгімантас Павілёніс. У сваім відэа-звароце да студэнтаў і ўсёй акадэмічнай супольнасці ЕГУ выступіць старшыня Агульнага сходу сузаснавальнікаў ЕГУ, Прэзідэнт Фонда «Еўразія» Хортан Бібі-Сэнтэр.
З прывітальнымі прамовамі да акадэмічнай супольнасці звернуцца Прэзідэнт ЕГУ акад. Анатоль Міхайлаў, Кіраўнік акадэмічнай часткі праф. Аляксандр Калбаска і старшыня Сената прафесар-эмерыт Рыгор Мінянкоў.
Падчас Цырымоніі адбудзецца ўручэнне ўзнагароды «Выбітнаму выпускніку ЕГУ». У 2016 годзе лаўрэатам узнагароды стаў выпускнік бакалаўрскай праграмы «Культурная спадчына і турызм» (2011 г.) Ягор Захарко, які з’яўляецца арганізатарам першага і найбольш паспяховага ў Беларусі прыватнага музычнага фестываля Mirum Music Festival. Ганаровая шыльда з імем выбітнага выпускніка будзе усталяваная ў навучальным корпусе ўніверсітэта, а сам Ягор выступіць са зваротам да першакурснікаў.
Пасля ўрачыстай часткі ўсе ўдзельнікі Цырымоніі будуць запрошаныя ў хол другога паверха навучальнага корпуса, дзе іх чакае прыемны сюрпрыз і нефармальнае знаёмства, пасля чаго яны праслухаюць сваю першую ўніверсітэцкую лекцыю па курсе «Мова і мысленне» у межах новай мадэлі агульнаўніверсітэцкай падрыхтоўкі ЕГУ.
Выкладчыкі ЕГУ запрашаюцца на адкрытае паседжанне Сената, якое распачнецца а 14:40 у аўдыторыі 213.
Запрашаем студэнтаў і іх бацькоў, а таксама выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта на ўчарыстыя мерапрыемствы з нагоды адкрыцця 2016/17 навучальнага года!