«Музей-Каханне. Рэпліка ў адказ». Адкрытая сустрэча з праф. Аляксандрам Калбаскам ў Мінску

24 чэрвеня ў Мінску ў фармаце разгорнутай рэплікі адбудзецца сустрэча з вядомым дзеячам музейнай сферы Беларусі і кіраўніком акадэмічнай частцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) праф. Аляксандрам Калбаскам.

Гэта сустрэча ўяўляе сабой адказ на мега-акцыю сусветна вядомага раманіста, інтэлектуала, лаўрэата Нобелеўскай прэміі (2006), Архана Памука, якая ўразіла не толькі музейны свет, але і свет культуры ў цэлым. «Будучыня музеяў – у нашых дамах», – сцвярджае Архан Памук ў сваім знакамітым Музейным Маніфесце 21 стагоддзя (2012), што з’яўляецца часткай музейнага каталога «Цнатлівасць прадметаў». Здавалася б, зрабіць нешта рэвалюцыйнае пасля цэлага стагоддзя рэвалюцый у мастацтве, ужо немагчыма. І ўсё ж зараз адбываецца нешта накшталт такой рэвалюцыі – прынамсі ў музейнай сферы. І адным з яе прарокаў-узьвяшчальнікаў стаў пісьменнік з Турцыі Архан Памук.

Сустрэча адбудзецца 24 чэрвеня (пятніца) ў галерэе TUT.BY (пр. Дзяржынскага 57, паверх 9) у Мінску а 18:00.

Калі сур’ёзныя ідэі вымаўляюцца ўслых, публікуюцца, свет не можа, не павінен заставацца ранейшым. Каб рухацца далей, варта ўсвядоміць, адрэфлексаваць, даць свой адказ. Абвостраная рэакцыя на новае для праф. А. Калбаскі невыпадковая: менавіта ён 20 гадоў таму стаў ініцыятарам стварэння Беларускага камітэта Міжнароднай рады музеяў, аб’яднаўшы музейшчыкаў краіны пад сцягам эфектыўнага прафесійнага ўзаемадзеяння – таму што сітуацыя вымушала знайсці нейкі новы шлях. Да таго моманту ў Заслаўскім музеі-запаведніку пад кіраўніцтвам праф. А. Калбаска як дырэктара ўжо адбыліся ключавыя для развіцця музея падзеі, у ліку якіх стварэнне найбуйнейшай у свеце Калекцыі дываноў Алены Кіш і стварэнне унікальнай Калекцыі беларускіх музычны інструментаў. Персанальная інтэрпрэтацыя ідэй Архана Памука на беларускай глебе – вельмі суб’ектыўная рэпліка, але суб’ектыўнасць і падкрэсленае аўтарства інтэрпрэтацый, – магчыма, як раз тое, чаго востра не хапае айчыннай музейнай сферы.

Назад