Нецікавасць, празмерная ідэалагізаванасць і выключна пазітывісцкі падыход сучасных падручнікаў па гісторыі Беларусі выклікаюць шмат нараканняў як з боку настаўнікаў, так і з боку вучняў ды іх бацькоў. Ад настаўнікаў патрабуюцца значныя высілкі і час на пошукі матэрыялаў, якія б кампенсавалі недахопы існуючых падручнікаў.
Увага! Першы семінар па праблемах выкладання «складаных» тэмаў найноўшай гісторыі Беларусі адбудзецца 14-15 траўня ў Мінску. Рэгістрацыя ўдзельнікаў адбываецца да 8 траўня па спасылцы.
Удзельнікам семінара будуць кампенсаваныя пражыванне і харчаванне падчас мерапрыемства.
Папярэдняя праграма «Настаўніцкага семінара» даступная па спасылцы.
Каманда гісторыкаў ЕГУ, сярод якіх такія выбітныя беларускія навукоўцы, як праф. Генадзь Сагановіч, праф. Ірына Раманава, дац. Іна Соркіна, дац. Андрэй Чарнякевіч, дац. Юрась Бачыша ды лектар Сяргей Харэўскі будуць радыя падзяліцца сваімі матэрыяламі, ведамі і выкладчыцкім вопытам з школьнымі настаўнікамі гісторыі. Настаўнікі, у сваю чаргу, падзеляцца сваімі ведамі і вопытам працы. Мэта семінара – паказаць на канкрэтных тэмах школьнай праграмы, як настаўнік можа выкарыстоўваць канцэпцыі паўсядзённасці, антрапалагізацыі гісторыі, мікрагістарычны падыход, вусную гісторыю, каб зрабіць школьны прадмет «Гісторыя Беларусі» цікавым і захапляльным.
Наступны «Настаўніцкі семінар» будзе праведзены восенню 2016 года ў Вільні і прысвечаны Сярэднявеччу і Новаму часу ў гісторыі Беларусі.