У пачатку апошняга тыдня сакавіка новы корпус ЕГУ ў Старым горадзе Вільні адчыніў свае дзверы для супольнасці і сяброў універсітэта ў гонар стагоддзя з прыняцця трэцяй Устаўной граматы БНР. Святочныя мерпарыемствы адкрыліся вітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства, з якім звярнуліся чальцы супольнасці ЕГУ праф. Аляксандр Калбаска, Максімас Мілта і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
У межах мерапрыемстваў адбылася выстава «Невядомая БНР», першая версія якой экспанавалася ў Празе і Лондане. Пра тое, якім чынам у віленскіх архівах збіраліся матэрыялы для выставы распавёў выкладчык ЕГУ Юрась Бачышча, які адзначыў ролю супольнасці ЕГУ, у прыватнасці выпускніка Юрася Юркевіча, у пошуку і падрыхтоўцы матэрыялаў выставы.
Акрамя таго, выкладчыкі ЕГУ Сяргей Харэўскі, дац. Юрый Бачышча і дац. Іна Соркіна пазнаемілі ўдзельнікаў з новымі выданнямі ЕГУ – калектыўнай манаграфіяй «Шляхамі БНР» і шляхаводнікам Андрэя Чарнякевіча «Шпацыр па беларускай Гародні». Таксама выкладчык Універсітэта Вітаўта Вялікага Тамаш Блашчак прэзентаваў удзельнікам і гасцям выставы ўласную кнігу «Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы ў 1918-1940 гадах».
У мерапрыемствах прыняла ўдзел творчая група студэнтаў ЕГУ, якая прадставіла чарговы выпуск альманаха “Vostraŭ”. Студэнты не толькі распавялі пра канцэпцыю выдання, але і апублікавалі новы нумар альманаха падчас свайго выступу.
Пасля прэзентацыі з адкрытай лекцыяй «Гендэрная БНР» выступіў выкладчык ЕГУ д-р Уладзіслаў Іваноў. Ён распавёў пра жыццёвы шлях міністэркі БНР, сігнатаркі Ўстаўной граматы БНР, пісьменніцы і перакладчыцы Палуты Бадуновай.
Напрыканцы мепрапрыемства да ўдзельнікаў звярнуўся брат Андрэй Квяцінскі OFM з віленскай парафіі св. Барталамея ў Зарэччы (Ужупісе).