Майстэрня доўжылася два дні: сустрэча ў першы дзень адбылася ў навучальным корпусе ЕГУ і сабрала студэнтаў курсу «Крэатыўнае пісьмо» і іншых студэнтаў універсітэта. У госці да ЕГУ завіталі эстонскі паэт Івар Сільд, літоўская паэтка Гедрэ Казлаўскайтэ, і партугальскі пісьменнік Жуаа Рэйс. Госці падзяліліся сваім досведам пісьма, крыніцамі натхнення і прычынамі выбару пісьменніцкай дзейнасці. Вельмі хутка ўдзельнікі майстэрні перайшлі да палітычнага вымярэння і падалі свае візіі заангажаванай літаратуры, падзяліліся нацыянальнымі спэцыфікамі пісьма. Маладыя аўтары да ўсяго выказаліся наконт панятку «гей- і лесбі-літаратура», які апошнім часам лунае ў паветры і выклікае вельмі розныя рэакцыі. Маладыя літаратары падкрэслілі, што яны пішуць перадусім мастацкія тэксты, без пазнакі «гетэра» ці «гей- і лесбі». А калі іх тэксты, імёны часам і выкарыстоўваць у гей- і лесбі-справе, то гэта толькі азначае, што яны маюць уплыў, а іх raison d’être сэнсоўна пашыраецца.
Cустрэча арганічна працягнулася 13 красавіка ў цэнтры Вільні — у Доме правоў чалавека імя Б. Звоскава. Падчас літаратурных чытанняў і дыскусіі «Ідэнтычнасць аўтар-_кі. Гей- і лесбі-літаратура ў розных жанрах і кантэкстах» пісьменнікі працягнулі папярэднія развагі аб сучаснай заангажаванай літаратуры, аб тым, калі і пры якіх умовах мастацкая літаратура пераходзіць ў актывізм. Пытаньне «Ці існуе гей- і лесбі-літаратура?» хоць і знайшло падчас дыскусіі адказы, але, безумоўна, застаецца адкрытым. Так, выразна намаляваўся падзел паміж пісьменнікамі, якія працуюць у дэмакратыі, у ЕС (Эстоніі, Літве і Партугаліі) і пісьменнікамі, якія працуюць ва ўмовах аўтарытарызму (Беларусь): першым, сапраўды, часцей усяго ня варта прымаць пазыцыю гей-аўтараў ці лесбі-аўтарак, дэмакратыя працуе сама для іх, за іх, тады як у Беларусі, напрыклад, часам варта падкрэсліць гей- ці лесбі-аўтарства, каб звярнуць увагу на праблему гамафобіі, маргінальнасці геяў і леьбіяк і пад. Але, канечне, з праблемай гамафобіі сутыкаюцца і пісьменнікі з усходніх краінаў ЕС — паэт з Эстоніі Івар Сільд, паэтка з Літвы Гедрэ Казлаўскайтэ распавялі, што ў той ці іншай ступені сутыкаліся і сутыкаюцца з агрэсіўнай рэкцыяй сваіх суайчыннікаў. Таксама цікава пазначыць, што ўсе аўтары (І. Сільд, Г. Казлаўскайтэ, У. Гарбацкі) адзначылі, што сталі ці становяцца гей- ці лесбі-аўтарамі ня самі — іх так пазначаюць, называюць выдаўцы, крытыкі альбо чытачы. Дзякуючы пытанню з залы была ўзнятая тэма яшчэ большай маргінальнасці лесбі-літаратуры, якая часцяком наогул не называецца, а хаваецца за больш смелым і пашыраным паняткам «гей-літаратура». Так сталася і па прычыне проста колькаснай меньшасці лесбі-аўтарак, але перадусім, канечне, так сталася па прычыне ўнівэрсальнага мужчынскага панавання (la domination masculine), у выніку якога мужчыны — і гэтэра, і геі — прысутнічаюць і дамінуюць у публічнай сфэры, адцісьняючы кабетаў у цень.
Дыскусія завяршылася чытаннямі — на чатырох мовах аўтары падзяліліся ня проста рознымі моўнымі і эстэтычнымі мэлёдыямі, але і прыватнымі, смелымі гісторыямі, у якіх абдіваліся да ўсяго сілуэты іх родных грамадстваў. З урыўкамі агучаных падчас чытанняў тэкстаў па-беларуску, па-ангельску і па-літоўску можна азнаёміцца онлайн.
Павучальны і заўсёды карысны досвед іншага, іншых месціцца ў цэнтры любых крытычных сацыяльных навук. ЕГУ, як адвечны Іншы, працягвае цікавіцца, адкрываць і вывучаць досведы іншых, спадзяючыся на лепшае разуменне самаго сябе.