Прэзентацыя зборніка «Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследваннях і калектыўнай памяці»

20 снежня Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) запрашае на прэзентацыю навуковага зборніка «Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследваннях і калектыўнай памяці». Зборнік створаны па матэрыялах аднайменнай леташняй канферэнцыі, якая сабрала разам даследчыкаў з Беларусі, Украіны, Польшчы, Расіі – першай за амаль 20 год.

Арганізатарам гэтага міжнароднага форуму выступіў Беларускі архіў вуснай гісторыі – грамадскі навукова-асветніцкі праект, які займаецца зборам вусных успамінаў пра гісторыю Беларусі ў ХХ стагоддзі, у тым ліку па маладаследаваных і трагічных падзей савецкага перыяду.

Адкрые прэзентацыю гісторык, даследчыца савецкіх рэпрэсій, прафесар Акадэмічнага дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў Ірына Раманава. Таксама на мерапрыемстве будуць прысутнічаць прадстаўнікі Беларускага архіву вуснай гісторыі, якія змогуць адказаць на пытанні наконт дзейнасці свайго праекту.

Прэзентацыя пройдзе ў навучальным корпусе ЕГУ (вул. Савічаўс, 17), у аўд. 215 а 18:00.

Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці — навуковы зборнік, выдадзены пад рэдакцыяй Аляксандра Смаленчука і Олены Кондратюк. У зборнік увайшлі тэксты беларускіх, украінскіх, польскіх і расійскіх даследчыкаў праблематыкі савецкіх рэпрэсій 1920–1980-х гг. У цэнтры ўвагі – падзеі г. зв. «Вялікага тэрору» 1937–1938 гг., знішчэнне сялянства падчас «кулацкай аперацыі» ДПУ–НКУС, расправа з інтэлігенцыяй, рэпрэсіі перыяду Другой сусветнай вайны і першага пасляваеннага дзесяцігоддзя. Матэрыялы зборніка дапамагаюць уявіць не толькі маштабы савецкіх рэпрэсій супраць Чалавека і Грамадства, але і наступствы гэтага злачынства, адчувальныя нават у ХХІ ст.

Рэцэнзенты зборніку — доктар гістарычных Аляксандр Краўцэвіч, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта (Польшча) і доктар гістарычных навук Захар Шыбека, прафесар Універсітэту ў Тэль Авіве (Ізраіль).

Назад