VIII Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі быў прадстаўлены ў Мінску

Фота: Канстанцін Грыднеў

14 траўня ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды VIII Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, які адбудзецца восенню ў Вільні. Кангрэс з’яўляецца найбуйнейшай і самай важкай рэгулярнай акадэмічнай падзеяй у галіне даследаванняў Беларусі.

Чальцы арганізацыйнага камітэта, які аб’ядноўвае Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ), Універсітэт Вітаўта Вялікага ды Інстытут Вялікага княства Літоўскага, прадставілі асаблівасці надыходзячага Кангрэса, важныя даты ды ўнёсак Кангрэса ў гуманітарныя і сацыяльныя даследаванні Беларусі.

Д-р Андрэй Казакевіч, кіраўнік Інстытута «Палітычная сфера» адзначыў, што з кожным годам стала расце колькасць навукоўцаў і даследчыкаў, якія прымаюць удзел у Кангрэсе, а таксама панэлей і секцыяў. Сёлета праца Кангрэса будзе адбывацца па 14 даследчых накірунках.

Кіраўнік Аддзела камунікацыі і развіцця ЕГУ Максімас Мілта прэзентаваў прадстаўнікам беларускіх медыя галоўную пляцоўку VIII Кангрэса — навучальны корпус ЕГУ,  які прыме большую частку секцый ды іншых імпрэзаў Кангрэса 27-29 верасня 2019 года.

Па словах Дырэктара Інстытута Вялікага княства Літоўскага дац. Русціса Камунтавічуса, у справе забеспячэння акадэмічных стасункаў Кангрэс прадстаўляе значную важнасць не толькі для беларускіх даследчыкаў, аднак і ў рэгіянальным кантэксце: апроч Беларусі, значная доля ўдзельнікаў Кангрэса прадстаўляюць акадэмічныя і даследчыя цэнтры Літвы, Польшчы, Украіны і іншых краін.

Д-р Томаш Блашчак з Універсітэта Вітаўта Вялікага адзначыў разнастайсць навуковых, дысцыплінарных і міждысцыплінарных накірункаў, па якіх будзе адбываецца праца Кангрэса. Сёлета Аргкамітэт атрымаў больш за 90 намінацый на панэлі і секцыі, па якіх будзе ладзіцца праца ўдзельнікаў — рэкорд за ўсю гісторыю Кангрэса.

Рэгістрацыя індывідуальных удзельнікаў Кангрэса адбываецца анлайн да 25 траўня.

Назад

Галерэя