24 траўня адбылася фінальная цырымонія штогадовага літаратурнага конкурсу «БрамаМар», які праводзіцца на факультэце журналістыкі БДУ з 2010 года, з 2018 года конкурс стаў рэспубліканскім — яго су-арганізатарамі з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, а таксама вядучыя выдавецтвы і літаратурныя часопісы Беларусі. У гэтым годзе акрамя ўручэння дыпломаў і прызоў праграма фіналу таксама ўключала лекцыі аб сучаснай беларускай літаратуры і творчыя майстар-класы, сярод іх і літаратурны майстар-клас Ксеніі Шталенковой «Ідэальны стыль vs. Свабода выказваньня». У гэтым годзе Ксенія Шталенкова ўвайшла ў журы намінацыі «Проза. Студэнты», удзельнікам майстар-класа, сярод якіх былі як фіналісты конкурсу, так і свабодныя слухачы, было прапанавана выканаць некалькі творчых практыкаванняў на стварэнне і рэанімаванне сюжэтаў, таксама разглядаліся пытанні ўзаемаадносін класікі, стылю і стылізацыі. Акрамя таго Ксенія Шталенкова абмеркавала з удзельнікамі майстар-класа, як і чаму крэатыўнае пісьмо становіцца прасторай для вольнага выказвання і кім жа з’яўляецца ідэальны чытач.
У 2018/2019 сезоне «БрамаМар» праводзіцца ўжо ў дзесяты раз у двух катэгорыях: для студэнтаў (намінацыі «Проза», «Паэзія», «Драматургія», «Крытыка») і школьнікаў 9-11 класаў (намінацыі «Проза» і «Паэзія»). У гэтым годзе фіналісткамі конкурсу сталі выпускніцы падрыхтоўчага аддзялення ЕГУ ў Цэнтры «Прапілеі» Антаніна Камельчык (намінацыя «Проза. Студэнты») і Паліна Лявіцкая (намінацыя «Проза. Школьнікі»). Студэнты ЕГУ і слухачы курсаў Цэнтра «Прапілеі» рэгулярна прымаюць удзел у літаратурным конкурсе «БрамаМар», так у 2018 годзе прызавыя месцы занялі студэнтка 1 курса праграмы «Медыя і камунікацыя» і слухачка курса па эсэ Цэнтра «Прапілеі» Яніна Равяка (намінацыя «Проза. школьнікі») і студэнтка 5 курса праграмы «Медыя і камунікацыя» Наталля Ялошына (намінацыя «Драматургія. Студэнты»).
У гэтым годзе Ксенія Шталенкова правядзе Майстэрню крэатыўнага пісьма ў рамках Летняй школы ЕГУ сумесна з беларускім пісьменнікам і дацэнтам Акадэмічнага дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў ЕГУ Віктарам Марціновічам. Дэдлайн на падачу заявак працягнецца да 17 чэрвеня (без візавай падтрымкі).