У канферэнцыі прынялі ўдзел 17 удзельнікаў з Беларусі, Літвы, Францыі, ЗША, Камеруна, Швецыі, Фінляндыі. Тэмы дакладаў былі прысвечаны як аналізу тэкстаў і дзейнасці Сымоны дэ Бавуар у публічнай сферы і палітыцы, так і розным выклікам, з якімі сутыкаецца феміністычны рух у 21 стагоддзі.
Канферэнцыя першапачаткова задумвалася як міждысцыплінарная: «постфемінісці стан» аналізаваўся гісторыкамі, палітолагамі, філосафамі, сацыёлагамі, тэатразнаўцамі і арт-актывісткамі. Адмысловай госцяй стала Клядын Мантэй, французская пісьменніца і дыпламат, якая асабіста была знаёмая з Сымонай дэ Бавуар. Клядын Мантэй выступіла з лекцыяй «Сведчанне актуальнасці ангажаванасці Сымоны дэ Бавуар у 21 стагоддзі» у Французскім інстытуце, а таксама з публічнай лекцыяй у Інстытуце міжнародных адносін і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта на тэму «Фемінізм і / ў дыпламатыі».