Беларускі ПЭН-цэнтр прысвоіў праф. Ірыне Раманавай прэмію Алеся Адамовіча

24 чэрвеня Беларускі ПЭН-цэнтр абвясціў аб прысваенні штогадовай Прэміі Алеся Адамовіча выкладчыцы і даследчыцы Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) праф. Ірыне Раманавай.

Прэмія нададзена даследчыцы гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя праф. Ірыне Раманавай за кнігу «Улада і грамадства: БССР у 1929-1939 гады». У кнізе змешчаныя ўнікальныя дакументы, якія раскрываюць схаваныя і засакрэчаныя бакі тагачаснага савецкага жыцця.

25 чэрвеня а 15 гадзіне Беларускі ПЭН-цэнтр зладзіць анлайн-уручэнне прэміі з удзелам дачкі Алеся Адамовіча Наталляй Адамовіч і выпускніцай ЕГУ Таццянай Нядбай, якая займае пасаду першай намесніцы старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра. Праф. Ірына Раманава прачытае ў прамым эфіры лекцыю пад назвай «“Вашай уласці нам ня трэба”: супрацьстаянне сялян і бальшавікоў у 1937 годзе».

Супольнасць ЕГУ шчыра віншуе праф. Ірыну Раманаву з атрыманнем узнагароды!

Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у студзені 1995 года. Мэтамі прэміі з’яўляецца адзначэнне найлепшага публіцыстычнага твора, прысвечанага праблем сучаснасці, і ўшанаванне памяці пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭНа Алеся Адамовіча.

Назад