Адбыўся міжнародны форум «Свабода і незалежнасць: спадчына Тадэвуша Касцюшкі»

4 лютага Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, Інстытут Гаррымана Калумбійскага ўніверсітэта ды Універсітэт Мікаласа Ромерыса зладзілі міжнародны форум «Свабода і незалежнасць: спадчына Тадэвуша Касцюшкі». Падчас Форуму лідары і эксперты ў галінах палітыкі, права і гісторыі абмеркавалі вяршэнства права, правблемы бяспекі і сацыяльныя правы.

Міжнародны форум быў арганізаваны ў гонар 275-годдзя з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі, нацыянальнага героя Польшчы, Беларусі, Літвы і ЗША. Мэтай дадзенага форуму стала абмеркаванне ўплыву агульных каштоўнасцяў краін-удзельніц на развіццё дэмакратыі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе і ў свеце ў цэлым. Асаблівая ўвага была нададзена такім тэмам, як спадчына Тадэвуша Касцюшкі ў імкненні да незалежнасці, свабода і незалежнасць у якасці асновы агульнага шляху развіцця Еўропы і ЗША, барацьба супраць дыктатарскага рэжыму ў Беларусі, 30-годдзе незалежнасці Балтыйскіх краінаў. Форум прайшоў пад дэвізам «Масты да свабоды».

Выступы адбываліся анлайн, відэа з форуму можна пабачыць ніжэй:

Сярод галоўных удзельнікаў форуму былі:

  • Святлана Ціханоўская, лідар дэмакратычнай Беларусі;
  • Джэральд Коналі, старшыня Парламенцкай асамблеі НАТА;
  • Кун Ленартс, старшыня суда Еўрапейскага Саюза;
  • графіня Роза фон Тун унд Гогенштейн, чалец Еўрапейскага парламента;
  • Ганна Сухоцкая, былая прэм’ер-міністр Польшчы

Праграма форуму складалася з 4 сэсій, якія раскрылі тэму спадчыны Тадэвуша Касцюшкі ў кантэксце сучаснасці, пры якім свабода неаддзельная ад гістарычнай памяці, міжнароднай бяспекі, вяршэнства закона і сацыяльных інавацый. Падчас адной з сэсій з прамовай выступіў выкладчык ЕГУ дац. Віктар Марціновіч.

З нагоды 275-годдзя Тадэвуша Касцюшкі выкладчыкі Дэпартаменту гуманітарных навук і мастацтваў ЕГУ Сяргей Харэўскі і Аляксандр Матафонаў  падрыхтавалі фільм пра гэтага выбітнага змагара за свабоду.

Назад