Выпускніца бакалаўрскай праграмы «Медыя і візуальны дызайн» 2015 года і магістарскай праграмы «Культурныя даследаванні» 2017 года.
Ксенія — аўтар прыгодніцкай трылогіі «Адваротны бок люстра» (2012; 2016) і рамана «Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах» (2017). З 2018 года знаходзіцца ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Ксенія працуе і як дызайнер кнігі — яна афармляе як свае праекты, так і праекты іншых аўтараў. Афармленне трылогіі «Адваротны бок люстра» і яго промапрадукцыі, якое стала бакалаўрскім дыпломным праектам Ксеніі, увайшло ў пяцёрку фіналістаў міжнароднага конкурсу «Дызайн-Дэбют» ў 2015 годзе. У 2017 годзе кніга Міхала Бараноўскага «Volumen.1», дызайн якой распрацавала Ксенія, стала лаўрэатам Літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.
Ксенія напісала навуковую манаграфію пра дызайн беларускіх грошай «Грошы і ідэалогія: [R] эвалюцыя беларускасці даўжынёй у 100 год» (2018), заснаваную на магістарскім даследаванні і выпушчаную ў рамках серыі маладых даследчыкаў ЕГУ «Opus Primum». Прэзентацыя манаграфіі прайшла ў Музеі Грошай пры Банку Літвы ў Вільнюсе і ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску ў 2018 годзе. Манаграфія таксама была прадстаўлена на пленарным пасяджэнні IX Міжнароднай нумізматычнай канферэнцыі, прысвечанай 25-годдзю беларускага рубля, у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь у 2019 годзе.
З 2017 года Ксенія вядзе аўтарскі практыкум па эсэ ў Цэнтры «Прапілеі» для абітурыентаў ЕГУ ў Мінску. А ў 2019 годзе сумесна з Віктарам Марціновічам правяла Майстэрню крэатыўнага пісьма III Летняй школы ЕГУ ў Вільні. Вынікам стаў выпуск зборніка «12», у які ўвайшлі лепшыя тэксты ўдзельнікаў майстэрні. Прэзентаваны быў у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску ў студзені 2020 года.
Зараз Ксенія з’яўляецца студэнткай дактарантуры ЕГУ па напрамку «Філасофія» і асістэнтам Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў ЕГУ.