Дац. Сцяпан Стурэйка аб ліквідацыі ІКАМОС

Фота: Kilimas Arts

15 верасня адбудзецца паседжанне Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь па справе ліквідацыі Беларускага камітэта ІКАМОС.

Міжнародная Рада па пытаннях помнікаў і гістарычных мясцін (ICOMOS) займаецца захаваннем архітэктурнай і археалагічнай спадчыны. Арганізацыя ўяўляе сабой міжнародную сетку экспертаў, у якую ўваходзяць архітэктары, гісторыкі, археолагі, інжынеры, географы і прадстаўнікі іншых прафесій, якія займаюцца кансервацыяй або рэканструкцыяй помнікаў. У Беларусі камітэт быў арганізаваны ў 2002 годзе, тады як міжнародная арганізацыя ICOMOS была створана ў 1965 годзе.

Старшыня ГА «Беларускі камітэт ІКАМОС», дац. Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) Сцяпан Стурэйка адзначыў: «Мы заўсёды сумленна працавалі над захаваннем спадчыны, таму ўсё яшчэ спадзяемся на разважлівасць уладаў. Мы не спыняем сваю працу. Некалькі дзён таму Беларускі камітэт ІКАМОС быў прыняты ў міжнародную сетку арганізацый “Europa Nostra” – арганізацыю-голас грамадзянскай супольнасці ў справе абароны і захаванню гістарычнай і прыроднай спадчыны па ўсёй Европе».

Europa Nostra – вялікая прафесійная сетка ў сферы захавання спадчыны, якая ўключае ў сябе каля 250 профільных арганізацый, якія працуюць у 45 дзяржавах Еўропы. Беларускі камітэт ІКАМОС стаў першай беларуская арганізацыяй-сябрам Europa Nostra.

«Мы вельмі рады, што Беларускі камітэт ІКАМОС далучыўся на нашай вялікай сямʼі, якая налічвае сотні сябраў, партнёрскіх арганізацый, а таксама прафесіяналаў, пасвячоных справе захавання спадчыны па ўсёй Еўропе», – гаворыцца ў вітальным лісце сп. Sneška Quaedvlieg-Mihailović, генеральнай сакратаркі Europa Nostra да ГА «Беларускі камітэт ІКАМОС».

Беспрэцэдэнтная па маштабах зачыстка грамадзянскіх арганізацый пачалася ў Беларусі ў ліпені гэтага года. На пачатак верасня ўлады ліквідавалі або пачалі працэс ліквідацыі больш за 200 некамерцыйных арганізацый.

Назад