Якую ролю граюць паказальныя суды ў сельскай гаспадарцы ў агульным патоку рэпрэсій 1937-1939 гг. у СССР? Якой была спецыфіка і асаблівасць культа Сталіна ў асобных савецкіх рэспубліках, прынамсі ў БССР? У сваіх актуальных даследаваннях беларускія гісторыкі звяртаюцца да розных аспектаў сталінізма.
У фокусе даследавання прафесара Ірыны Раманавай – паказальныя суды над кіраўнікамі сельскай гаспадаркі, якія ішлі адначасова з масавымі аперацыямі НКВД, але мелі ўласную логіку і свой сцэнар. Падставай для арганізацыі першага з іх паслужыў масавы сабатаж перапісу насельніцтва тымі, каго ўлады назавуць «маўчальнікі-краснадраконаўцы» у асобна ўзятым беларускім раёне, які праславіўся такім чынам на ўвесь СССР. Што за ідэалогія стаяла за масавым супрацівам? Якое месца займалі паказальныя суды ў агульным шквале рэпрэсій 1937-1939 гг.? І, нарэшце, якая паміж імі сувязь?
Даследаванне гісторыка Аляксандра Гужалоўскага прысвечана культу Сталіна ў Савецкай Беларусі, які дасягнуў апагею ў канцы 1940-х – пачатку 1950-х гг. Ці быў культ Сталіна рэлігійным культам? Якім чынам ён паспрыяў легітымацыі савецкай улады ў Беларусі? Як ствараліся сталінскія міфы пра «творцу беларускай дзяржаўнасці», «аб’яднальніка беларускага народа», нарэшце, «вызваліцеля беларускага народа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў»? Як культ правадыра паўплываў на беларускае савецкае грамадства і якія меў наступствы?
Выступоўцы:
- Ірына Раманава, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт / універсітэт Гісэна;
- Аляксандр Гужалоўскі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Каментар:
- Імо Рэбічак, універсітэт Ены.
Мадэрацыя і ўводнае слова:
- Томас Бон, універсітэт Гісэна, гістарычны інстытут.
Важна! Анлайн-дыскусія адбудзецца 22 кастрычніка а 15.15 – 16.45 (па беларускім часе). Для ўдзелу ў дыскусіі запоўніце, калі ласка, рэгістрацыю па спасылцы.