Культурны шлях Францішка Скарыны працягваецца

Фота: Сяргей Харэўскі

У канцы чэрвеня завяршылася другая экспедыцыя ў рамках праекту Культурны шлях Францішка Скарыны, на этапе Вільня–Кракаў.

Гэтым разам маршрут пралягаў па старадаўнім Ягелонаўскім, або Каралеўскім шляху. Ён утварыўся ад 1386 г., калі вялікі князь літоўскі Ягайла адправіўся з Вільні ў падарожжа ў Польшчу, каб атрымаць каралеўскі пасад у Кракаве. Пераехаўшы польскую мяжу, ён прыехаў у Люблін, дзе сабраныя на з’ездзе рыцары абралі яго кандыдатам на карону. Створаная ў той час унія адкрыла князю шлях да польскага трону. З вялікай світаю ён выправіўся ў сталічны Кракаў. Пасля хросту, пры якім ён быў названы Уладзіславам, і шлюбу з каралевай Ядвігай Анжуйскай, ён атрымаў абяцаную карону. З таго векапомнага падарожжа Ягайлы і ягонага двара пачаўся надзвычайны шлях, які звязваў сталіцы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Гасцінец Кракаў–Люблін–Вільня шмат разоў станавіўся сведкам каралеўскіх працэсіяў. Ён стаў таксама галоўным гандлёвым шляхам, па якім таксама праязджалі купцы і рамеснікі, чыноўнікі і дыпламаты, рыцары і святары, навукоўцы і лекары, дойліды і мастакі. А калі ў 1569 г. на сойме ў Любліне была ўтвораная Рэч Паспалітая, дарога з Вільні, праз Люблін да Кракава стала найважнейшым шляхам агульнай дзяржавы. Яе значэнне пачало пакрысе змяншацца толькі пасля пераносу Жыгімонтам III Вазам каралеўскай рэзідэнцыі ў Варшаву ў 1611 годзе.

Ягелонскі шлях адыграў выключную ролю ў працэсе ўнікальнай інтэграцыі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Ён дзейнічаў як сапраўдны еўрапейскі культурны шлях , што паспрыяў абмену ідэямі і дасягненнямі паміж Захадам (лацінскай цывілізацыяй) і Усходам (візантыйскай цывілізацыяй). Экспедыцыя Еўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсітэту, у складзе прафесара Аляксандра Калбаскі, выкладчыка Сяргея Харэўскага і даследчыка Аляксея Ластоўскага праехала гэтым незвычайным маршрутам Кракаў–Люблін–Вільня па слядах Францішка Скарыны, які ўпершыню ім праехаў узімку 1504 года.

Падчас навуковага падарожжа адбыліся сустрэчы з вядомымі знаўцамі эпохі Скарыны – доктарам Аляксандрам Навумавым, прафесарам Венецыянскага і Ягелонскага ўніверсітэтаў, доктарам Сяргеем Кавалёвым, прафесарам Люблінскага ўнівэрсітэту, доктарам Юрыям Гардзеевым, ад’юнктам Інстытута Ўсходняй Еўропы Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве ды іншымі даследчыкамі гісторыі і культуры Беларусі, Літвы і Польшчы.

Пасля Кракава, дзе Скарына вучыўся ў славутым універсітэце і атрымаў ступень бакалаўра вольных мастацтваў у 1506 годзе, экспедыцыя выправілася ў Познань, якая таксама звязаная з лёсам выдатнага беларускага гуманіста-асветніка.

Па шляху ўдзельнікі экспедыцыі праводзілі маніторынг культурных і натуральных ландшафтаў, звязаных са шляхам Скарыны ад Вільні да Полацка, рабілі натурныя даследаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, звязаныя са Скарынавай эпохай (канца XV– пач. XVI ст.ст.), наведвалі музеі, бібліятэкі, універсітэты.

Назад

Галерэя