Прыёмная кампанія ЕГУ стартавала ў траўні 2022 года. У яе рамках быў абвешчаны набор на 6 бакалаўрскіх, 4 магістарскія і 1 PhD праграму ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук. Першы прыёмны паток завяршыўся ўжо 10 ліпеня з агульнай колькасцю ў прыкладна 800 анкет, што паступілі ад абітурыентаў. З гэтай колькасці 446 абітурыентаў былі рэкамендаваныя да залічэння. Высокі попыт, які захаваўся пасля заканчэння асноўнай прыёмнай кампаніі, паспрыяў запуску Дадатковага набору, дзе падаўшы свае заяўкі ў жніўні, яшчэ 64 чалавекі былі рэкамендаваныя да залічэння.
ЕГУ і партнёры перакананыя, што сінтэз гуманітарнай оптыкі і лічбавых індустрый – гэта найбольш сучасны падыход да адукацыі. Менавіта таму раней, у ліпені, ЕГУ ў партнёрстве са школай лічбавай інжынерыі EPAM упершыню запусцілі набор на зусім новую бакалаўрскую праграму “Інфарматыка”. З больш як 170 заяўшчыкаў 131 быў рэкамендаваны да залічэння.
Такім чынам, агульная колькасць студэнтаў і студэнтак, якія далучыліся да супольнасці ЕГУ ў кастрычніку 2022 года, склала больш за 600 чалавек, што сумарна практычна ў 2 разы перавышае набор папярэдняга года. Станоўчая тэндэнцыя, якая намецілася, пацвярджае меркаванне, што ўсё большая колькасць сем’яў бачаць у адукацыі найбольш дасягальны сацыяльны ліфт, а адукацыя ў Еўропе працягвае быць прывабным аб’ектам доўгатэрміновага інвеставання ў паспяховую і бяспечную будучыню моладзі з Беларусі ды рэгіёну.
Аднак не толькі колькасны рост студэнтаў радуе нас сёлета – пашырылася і геаграфія абітурыентаў, якія абралі ЕГУ. У супольнасці ЕГУ цяпер грамадзяне Малдовы, Казахстана, Грузіі, Літвы. Тым не менш, традыцыйная нацыянальная перавага захавалася – 450 абітурыентаў паступілі ў ЕГУ з Беларусі, 45 – з Украіны, 56 грамадзян Расіі таксама сталі студэнтамі вучэльні.
Цікавасць абітурыентаў да спектра прапанаваных Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам праграм застаецца традыцыйная і адпаведная тэндэнцыям адукацыйнага рынку – бакалаўрская праграма “Медыі і камунікацыя” і бакалаўрская праграма “Візуальны дызайн” сёлета пабілі ўсе ранейшыя рэкорды, прыняўшы ў сваю супольнасць больш за 100 студэнтаў кожная. Сярод магістарскіх праграм папулярнасцю карыстаецца праграма “Публічная палітыка” і адзіная ў Літве ды краінах Балтыі цалкам англамоўная магістарская праграма “Gender Studies”, што стартавала толькі ў сакавіку 2022 года, распрацаваная пры шырокай падтрымцы Цэнтра гендарных даследаванняў ЕГУ і сеткі партнёрскіх універсітэтаў.
Новы акадэмічны год у ЕГУ стартаваў 1 кастрычніка, а ўрачыстая Цырымонія яго адкрыцця для новага набору адбылася 3 кастрычніка ў віленскай гарадской ратушы. Іншыя здымкі з гэтага дня – у афіцыйным профілі ЕГУ ў Facebook.
Мы працягваем прапаноўваць найбольш сучасныя і запатрабаваныя адукацыйныя праграмы ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук ды зусім хутка адкрыем рэкрутынгавую кампанію 2022-2023 анлайн і афлайн. Сачыце за навінамі ЕГУ ў сацыяльных сетках ды на афіцыйнай старонцы. Можа зусім скора і вы далучыцеся да супольнасці ЕГУ ў Вільні.