Падчас сустрэчы рэктар ЕГУ прафесар Сяргей Ігнатаў і яго калегі прадставілі вынікі выканання працоўнага плану ЕГУ на 2021/2022 гады, гадавы працоўны план ЕГУ на 2022-2023 гады і бюджэт на 2022/2023 гады, які будзе фінансавацца за кошт сродкаў Траставага фонду ЕГУ.
“ЕГУ паступова, але няўхільна мяняе грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі, а з пачатку вайны супраць Украіны – ва ўсім рэгіёне. Таму ЕГУ ўсё больш становіцца цэнтрам прыцягнення моладзі не толькі з Беларусі, але і Расіі, Украіны і іншых краінаў постсавецкай прасторы. Універсітэт, які функцыянуе для рэгіёну, – такой мы бачым бліжэйшую будучыню ЕГУ”, – пракаментаваў рэктар ЕГУ прафесар Сяргей Ігнатаў.
З 2022 года каардынацыя дзейнасці Траставага фонду ўскладзеная на Цэнтральнае агенцтва па кіраванні праектамі (CPMA), якое валодае значным досведам адміністравання праграм і праектаў, што фінансуюцца Еўрапейскім саюзам, міжнароднымі донарамі і дзяржаўным бюджэтам Літвы. Мэта Фонду – кансалідаваць донарскую падтрымку, што атрымлівае ЕГУ, і забяспечыць эфектыўнае і цэнтралізаванае кіраванне фінансавымі рэсурсамі.
Паспяховая дзейнасць ЕГУ наўрад ці магчымая без донарскай дапамогі: плата за навучанне, якую бярэ Універсітэт, пакрывае толькі частку яго выдаткаў, а ў кантэксце актуальных выклікаў асабліва важна падтрымліваць і прасоўваць незалежную адукацыю беларускіх студэнтаў, заснаваную на еўрапейскіх каштоўнасцях. Павышэнне якасці сістэмы кіравання ўніверсітэтам і дзейнасць Траставага фонду таксама наўпрост умацоўваюць дэмакратычныя працэсы.
На дадзены момант ЕГУ падтрымліваюць розныя зацікаўленыя бакі, такія як Еўрапейская камісія, Шведскае агенцтва міжнароднага развіцця (SIDA), Рада міністраў Паўночных краін, урады Нідэрландаў, Нарвегіі, Францыі, Ісландыі, Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі і інш.
Кампаніям і прыватным донарам таксама прапануецца далучыцца да спонсарскай падтрымкі ЕГУ праз аказанне фінансавай дапамогі шляхам пералічэння сродкаў у Траставы фонд.