Прафесар Альвідас Лукіс, старшыня конкурснай камісіі, так пракаментаваў рашэнне пра прысуджэнне стыпендыі:
«Камісія па прызнанні стыпендыі ім. В. Лабко пасля абмеркавання вынікаў ацэнкі ўсіх прэтэндэнтаў прыняла рашэнне прысудзіць стыпендыю на аснове лепшай ацэнкі і ў адпаведнасці з мэтамі стыпендыі ім. Валера Лабко (высокія дасягненні мастацкай творчасці і акадэмічных вынікаў) Ксеніі Лукашэні.
У склад камісіі ўвайшлі выкладчыкі профільных дысцыплінаў у галіне фатаграфіі, графічнага дызайну, анімацыі, вэб-дызайну, паліграфіі».
Штогод Стыпендыя ім. В. Лабко ўручаецца студэнтам ЕГУ, якія дэманструюць высокі ўзровень акадэмічнай паспяховасці і значныя дасягненні ў галіне графічнага дызайну, візуальных мастацтваў або анімацыі.
Валер Лабко (1951-2008) быў ініцыятарам стварэння Мінскай школы фатаграфіі і з’яўляўся чальцом Саюзу дызайнераў і Саюзу фотамастакоў Беларусі. В. Лабко быў не толькі таленавітым фатографам, але і яркай акадэмічнай фігурай. Каб адзначыць шматлікія заслугі В. Лабко, у ЕГУ была ўведзеная штогадовая стыпендыя яго імя.