Новая праграма «Бізнес-эканоміка» ў ЕГУ

ЕГУ ў супрацоўніцтве з BEROC RC адкрывае новую бакалаўрскую праграму «Бізнес-эканоміка» з тэрмінам навучання 3.5 года. Праграма «Бізнес-эканоміка» будзе рыхтаваць эканамістаў з унікальным наборам кампетэнцый. У праграме сумяшчаюцца кампетэнцыі, якія культывуе liberal arts адукацыя ў ЕГУ, і глыбокае вывучэнне прадметнай галіны – эканомікі і бізнесу. Праз праграму «Бізнес-эканоміка» ЕГУ пашырае сваю місію на сферу эканомікі і бізнесу. Першы набор на новую праграму адбудзецца ўжо сёлета.

У студэнтаў праграмы будуць культывавацца здольнасці да крытычнага і аналітычнага мыслення, разуменне сацыякультурнага і гуманітарнага кантэксту сучаснага свету, а таксама шырокі пералік спецыяльных ведаў, навыкаў і ўменняў, неабходных для працы ў перадавых сферах эканомікі і бізнесу. Навучальны план праграмы дазволіць студэнтам авалодаць кампетэнцыямі ў эканоміцы, фінансах і бізнесе, матэматыцы і статыстыцы, а таксама ў сферах штучнага інтэлекту, data science/analytics і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Мовамі навучання ў пачатку праграмы будуць руская і беларуская мовы. Пры гэтым у першы год студэнты будуць інтэнсіўна вывучаць англійскую мову. Гэта дазволіць забяспечыць паступовы пераход да паўнавартаснага выкладання на англійскай мове на другім годзе навучання.

Студэнты праграмы атрымаюць шырокі набор магчымасцяў для ўзаемадзеяння ў міжнародным акадэмічным асяроддзі. Большасць выкладчыкаў праграмы – даследчыкі BEROC RC і партнёрскіх інстытутаў, якія маюць доктарскія ступені заходніх універсітэтаў. У якасці гасцявых лектараў да выкладання ў праграме будуць прыцягвацца прафесары з лепшых універсітэтаў свету. Праз механізмы ўзаемадзеяння ў партнёрскай сетцы BEROC RC – Стакгольмскі інстытут транзітыўных эканомік, SSE-Рыга, Кіеўская школа эканомікі, і інш. – студэнты змогуць удзельнічаць у сумесных міжнародных курсах, а таксама атрымаюць магчымасць узаемадзеяння са студэнтамі з іншых краін.

Сацыяльнымі партнёрамі праграмы з’яўляюцца перадавыя інавацыйныя бізнес-кампаніі. Студэнты будуць мець магчымасці прамога ўзаемадзеяння і камунікацый з імі, што забяспечыць набыццё практычнага досведу ўжо ў перыяд навучання.

Праграма «Бізнес-эканоміка» адкрывае для выпускнікоў шырокі пералік шляхоў развіцця кар’еры. Кампетэнцыі выпускнікоў, якія будуць накіраваны на практычную дзейнасць, будуць карыстацца вялікім попытам з боку кампаній у інавацыйных сферах, фінансавай індустрыі і іншых. Ужо сёння дэфіцыт такіх кампетэнцый адчувальны ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Выпускнікі, якія будуць накіраваны на далейшае навучанне на магістарскім (і доктарскім) узроўні змогуць разлічваць на тое, што ўзровень іх ведаў і кампетэнцый дазволіць прадоўжыць вучобу ў лепшых універсітэтах свету.

Назад