Студэнты ЕГУ ўзялі ўдзел у міжнародным семінары ў Веймары

З 25 па 30 лістапада студэнты праграм «Еўрапейская спадчына» і «Развіццё культурнай спадчыны» ЕГУ ўзялі ўдзел у міжнародным семінары «Праца з нацысцкімі злачынствамі ў савецкай акупацыйнай зоне» («Dealing with Nazi Crimes in the Soviet Occupation Zone»). Сустрэча аб’яднала маладых даследчыкаў з Беларусі, Польшчы і Германіі і стала пляцоўкай для абмеркавання «цяжкай» спадчыны ХХ стагоддзя.

Семінар праходзіў у Веймары, на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу Бухенвальд – аднаго з найбуйнейшых канцэнтрацыйных лагераў нацысцкай Германіі. Студэнты пазнаёміліся з гісторыяй лагера і сучаснымі падыходамі да захавання памяці пра трагічныя падзеі мінулага. Экскурсіі па музейнай экспазіцыі дазволілі ўдзельнікам лепш зразумець, як мянялася роля мемарыяла ў розныя гістарычныя перыяды – ад ідэалагічнага інструмента ў ГДР да сучаснага адукацыйнага цэнтра.

Асобная ўвага была нададзена перыяду пасля 1945 года, калі на тэрыторыі Бухенвальда размяшчаўся савецкі спецлагер №2 для інтэрнаваных немцаў. Наведванне выставы пра савецкі лагер выклікала ажыўленыя дыскусіі пра трактоўку гісторыі і яе ўплыў на сучаснасць. Удзельнікі разважалі пра тое, як масавыя злачынствы мінулага адлюстроўваюцца ў калектыўнай памяці розных краін і якую ролю ў гэтым адыгрывае палітыка.

Семінар нагадаў студэнтам пра тое, як важна крытычна асэнсоўваць гісторыю, а таксама абавязкова захоўваць памяць пра трагедыі для таго, каб яны больш не паўтараліся. Праца ў групах з польскімі і нямецкімі калегамі дапамагла паглядзець на падзеі з розных бакоў і ўсвядоміць, што адны і тыя ж факты ў залежнасці ад нацыянальнага кантэксту могуць кожным успрымацца па-рознаму.

Назад

Галерэя