27 і 29 лістапада 2024 года ў ЕГУ адбыўся семінар па акадэмічным пісьме для студэнтаў праграм «Гісторыя», «Еўрапейская спадчына» і «Развіццё культурнай спадчыны». Спікерам выступіла Алана Фелтан – дактарантка Ельскага ўніверсітэта (ЗША) і памочніца дырэктара Цэнтра пісьма пры Елі. Сустрэча была прысвечана ключавым прынцыпам напісання навуковых артыкулаў у стылі, прынятым у заходніх акадэмічных выданнях.
«Найбольшая памылка, якую я бачу ў тэкстах студэнтаў, – гэта няпэўнасць тэзіса. Вы павінны дакладна паказаць, што вы сцвярджаеце, і чаму гэта важна. Добры артыкул – гэта не апісанне, а аргумент, які вядзе чытача да новых высноў», – звярнулася Алана да студэнтаў ЕГУ.
На семінары яна распавяла падрабязней пра тое, як распрацаваць моцны тэзіс, структуравать артыкул і адрэдагаваць тэкст так, каб ён адпавядаў патрабаванням міжнародных часопісаў.
5 КЛЮЧАВЫХ ПАРАД З СЕМІНАРА:
1. Чысты тэзіс – аснова артыкула.
Тэзіс павінен быць не апісаннем тэмы, а аналітычным або інтэрпрэтацыйным сцвярджэннем. Ён фармулюе галоўны аргумент артыкула і прадстаўляе ўнёсак аўтара ў навуковую дыскусію.
2. Вызначце значнасць тэмы.
Алана раіць задаваць пытанні: «Чаму мой артыкул важны? Які яго ўнёсак у навуку?» Гэта дапамагае засяродзіцца на аргументацыі і пабудаваць лагічны тэкст.
3. Не адкладвайце тэзіс на потым.
Прадстаўце асноўны аргумент у першых параграфах, каб чытачы адразу зразумелі, пра што будзе артыкул. Выкарыстоўвайце ўводны «хук», каб прыцягнуць увагу, але не зацягвайце ўступ.
4. Падмацоўвайце аргументы доказамі.
У артыкуле павінны быць дакладныя прыклады, дадзеныя або цытаты, якія падтрымліваюць вашы высновы. Важна растлумачыць, чаму гэтыя доказы значныя і як яны пацвярджаюць аргументацыю.
5. Рэдагуйце тэкст і думайце пра логіку.
Алана раіць выкарыстоўваць метад «адваротнага планавання»: складайце план ужо напісанага артыкула, каб праверыць яго логіку і структуру.
Пра спікера:
Алана Фелтан – экспертка ў галіне акадэмічнага пісьма і навуковых даследаванняў. Яна займае пасаду памочніцы дырэктара Цэнтра пісьма ў Ельскім універсітэце, дзе аказвае падтрымку студэнтам у падрыхтоўцы акадэмічных тэкстаў. Алана таксама мае вопыт працы ў аспіранцкай лабараторыі пісьма; працуе ў аддзеле па грантах, дзе дапамагае студэнтам атрымліваць фінансаванне для даследаванняў і навучання. Зараз Алана знаходзіцца ў Літве ў межах гранта Fulbright Schuman і праводзіць даследаванні па сучаснай беларускай культуры.