Адносіны, якія злучалі Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае ў 1385 – 1569 гг., часта агулам акрэсліваюць як унію. Але на самой справе на працягу гэтага доўгага перыяду характар гэтага дзяржаўнага саюза вельмі моцна змяняўся. Мэтай лекцыі акурат і будзе паказаць гэтыя змены, у рамках якіх, сярод іншага, змяняўся і міжнародна-прававы статус Вялікага Княства Літоўскага. Крэўскае пагадненне 1385 г., насуперак шырока прынятай у гістарыяграфіі ацэнцы, не было дамовай пра унію (саюз). Яно прадугледжвала зусім іншае – уключэнне зямель Вялікага Княства Літоўскага ў склад Каралеўства Польскага. І на нейкі час Вялікае Княства дэ-юрэ было пазбаўлена статусу асобнай дзяржавы.
Сітуацыя змянілася толькі ў выніку заключэння ў 1401 г. так званай Віленска-Радамскай уніі, калі Вялікае Княства Літоўскае аднавіла сваю тэратарыяльную еднасць, але адначасова пераўтварылася ў васальнае ўладанне Кароны Польскай. Нарэшце, у 1446 – 1447 гг. былі выпрацаваны і ўвасоблены ў жыццё асновы асабістай уніі, якая на наступныя сто дваццаць гадоў стала галоўнай формай саюза паміж дзвюма дзяржавамі. Калі ж даваць агульную характарыстыку ўзаемаадносін Вялікага Княства і Кароны за ўвесь разгляданы перыяд, дык яны былі даволі складанымі і вагаліся ў шырокіх межах ад шчыльнага палітычнага саюза і супольных войн супраць трэціх дзяржаў да вострых палітычных і нават ваенных канфліктаў паміж сабой.
Лекцыя адбудзецца 9 студзеня 2025 а 18.30 у ауд. 303 або анлайн