6 снежня ў ЕГУ адбылася прэзентацыя праекта «Mapping the Co-Presence of Violence and Memory in Belarus» («Мапінг суіснавання гвалту і памяці ў Беларусі»). Праект быў рэалізаваны дзякуючы супрацоўніцтву Оснабрюкскага ўніверсітэта, Міжнароднага адукацыйнага цэнтра Дортмунд (IBB Dortmund) і ЕГУ пры падтрымцы фонду «Памяць, адказнасць і будучыня».
Праграма мерапрыемства ўключала прэзентацыю ўнікальных лічбавых праектаў, распрацаваных у ходзе даследавання. Адзін з ключавых элементаў – інтэрактыўная карта памятных месцаў Мінска з віртуальнымі 360°-турамі. Кожны наведвальнік мог выправіцца ў лічбавае падарожжа па гістарычных лакацыях, азнаёміцца з архіўнымі фотаздымкамі, 3D-артэфактамі і помнікамі, а таксама паглыбіцца ў гістарычны кантэкст дзякуючы тлумачальным тэкстам і каментарам экспертаў.
Асобную ўвагу прыцягнула лічбавая выстава на платформе Omeka, створаная студэнтамі і выкладчыкамі бакалаўрскай праграмы «Еўрапейская спадчына». Трагічная гісторыя знішчэння яўрэйскай абшчыны ў Магілёве, паказаная на выставе, стала яшчэ адным напамінам пра глыбокія шнары, пакінутыя Халакостам у Беларусі. У віртуальнай экспазіцыі былі прадстаўлены асабістыя гісторыі людзей і мясцін, знішчаных у гады вайны.
Таксама ў межах прэзентацыі можна было азнаёміцца з праектам у фармаце блога на платформе WordPress, у якім распавядалася пра дэпартацыю грамадзянскага насельніцтва пад Азарычамі ў сакавіку 1944 года – адно з самых жорсткіх злачынстваў нацыстаў на Усходнім фронце.
Удзельнікі сустрэчы адзначылі важнасць захавання калектыўнай памяці і яе прадстаўлення праз лічбавыя тэхналогіі. Студэнтка трэцяга курса праграмы «Еўрапейская спадчына» падзялілася сваімі ўражаннямі:
«Гэты праект даў мне магчымасць крытычна асэнсаваць тэмы гвалту і памяці, а таксама дазнацца, як лічбавыя інструменты могуць зрабіць гісторыю больш даступнай і зразумелай для шырокай аўдыторыі. Праца над віртуальнымі турамі дапамагла перадаць складаныя гістарычныя матэрыялы ў займальным фармаце, захоўваючы іх дакладнасць і дакументальнасць. Дзякуючы міждысцыплінарнаму падыходу я змагла прымяніць тэарэтычныя веды на практыцы і паглыбіцца ў даследаванні памяці і тэхналогій».
Прэзентацыя суправаджалася фотавыставай «Месцы і памяць», куратарам якой стаў Сяргей Харэўскі (Цэнтр беларускіх і рэгіянальных даследаванняў ЕГУ). На выставе былі прадстаўлены фотаздымкі, зробленыя падчас экспедыцый па яўрэйскіх мястэчках Беларусі. Яны сталі важным дадаткам да лічбавых прадуктаў, і візуялізавалі мясціны, што паступова знікаюць разам з іх апошнімі сведкамі. Выстава падкрэсліла, што памяць пра Халакост у Беларусі застаецца важнай часткай гісторыі, якую неабходна захоўваць і перадаваць наступным пакаленням.