Фурсаўскія чытанні 2025. Міжнародная навуковая канферэнцыя “Контуры сучаснай крытычнай тэорыі: плынная сучаснасць Зыгмунта Баўмана”

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт
Вільня (Літва), 13-14 чэрвеня 2025 года

Дарагія калегі i каляжанкі,
запрашаем вас прыняць удзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі “Контуры сучаснай крытычнай тэорыі: плынная сучаснасць Зыгмунта Баўмана”, арганізаванай Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам (Вільня, Літва) і прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння польскага і брытанскага сацыёлага, філосафа і культурнага крытыка Зыгмунта Баўмана.

Зыгмунт Баўман (1925-2017) быў адным з самых арыгінальных еўрапейскіх мысляроў канца XX – пачатку XXI стагоддзя. Сучасную сацыяльную тэорыю немагчыма ўявіць без паняццяў і метафар, якія стварыў Баўман. За сваю творчасць (польскага і лідскага перыядаў) ён напісаў больш за 60 кніг, якія ахопліваюць такія разнастайныя і міждысцыплінарныя тэмы, як свабода і справядлівасць, сацыялізм і ўтопія, праца і няроўнасць, культура і прырода, этыка і мастацтва жыцця, аўтаномія і дэмакратыя, сучаснасць і Халакост, постмадэрнісцкае спажывецтва, індывідуалізацыя, глабалізацыя, плынная сучаснасць і інш.

У апошнія дзесяцігоддзі свайго жыцця Баўман зрабіў паварот да тэорыі плыннай сучаснасці. Ён выдаў шэраг кніг, у якіх распрацоўваецца дадзеная тэорыя: Плынная сучаснасць (2000), Плынная любоў (2003), Плыннае жыццё (2005), Плынны страх (2006), Плынныя часы (2006), Плыннае зло: жыццё ў свеце, дзе няма альтэрнатыў (2016, у сааўтарстве з Леанідасам Донскісам) і інш. Канцэпцыю плыннай сучаснасці Баўмана можна разглядаць як актуальную версію крытычнай сацыяльнай тэорыі і спосаб разумення сацыяльных і культурных змен у кантэксце няпэўнасці, нестабільнасці і амбівалентнасці сацыяльных інстытутаў.

Творчасць і інтэлектуальная спадчына Баўмана, а таксама яго біяграфія маюць вялікае значэнне для ўсходнееўрапейскага кантэксту ў цэлым і Беларусі ў прыватнасці. Баўман перажыў два таталітарызмы, палітычныя пераследы і выгнанні. Некаторы час ён жыў у беларускім горадзе Маладзечна. Прафесійную кар’еру Баўман пабудаваў у Лідскім універсітэце, дзе былі распрацаваны тэорыі постмадэрнага стану і цякучай сучаснасці, якія прынеслі яму сусветнае прызнанне і вядомасць.

Фурсаўскія чытанні 2024 года сталі пачаткам ўсебаковага міждысцыплінарнага абмеркавання актуальных пытанняў сучаснай крытычнай тэорыі. Захоўваючы канцэптуальную рамку леташняй канферэнцыі, Фурсаўскія чытанні 2025 года пашыраюць гэтую тэматыку, звяртаючыся да інтэлектуальнай спадчыны Зыгмунда Баўмана. З аднаго боку, гэта даніна памяці выдатнаму брытанскаму сацыёлагу ў год яго 100-годдзя, з іншага боку — магчымасць пераасэнсаваць яго канцэпцыю плыннай сучаснасці ў кантэксце сучасных глабальных працэсаў: дэ-дэмакратызацыі, узмацнення кансалідацыі і салідарызацыі аўтарытарных рэжымаў, а таксама грамадска-палітычнай фрагментацыі ў дэмакратычных краінах.

Прапанаваныя тэмы для абмеркавання:

  • Крытычная сацыяльная тэорыя: гісторыя і сучасныя канцэпцыі;
  • Канцэпцыя плыннай сучаснасці Зыгмунта Баўмана: актуальнасць, рэцэпцыя і крытыка;
  • Дэнатуралізацыя паняцця грамадства: пошук новых метафар сацыяльнай тэорыі;
  • Этыка, салідарнасць і клопат у грамадстве спажыўцоў;
  • Крызіс нацыянальнай дзяржавы і дыскурс глабалізацыі;
  • Новая палітыка ідэнтычнасці ў кантэксце космапалітызацыі;
  • Рэтратопія, крызіс ідэнтычнасці і палітыка памяці;
  • (Пост)марксізм, крытыка капіталізму і сацыялізм як актыўная ўтопія;
  • Фемінісцкая і гендарная тэорыя;
  • Крытычная тэорыя медыя і тэхналогій;
  • Пасткаланіяльныя даследаванні: еўрацэнтрычны і рэгіянальныя дыскурсы ў канфлікце і ўзаемадзеянні;
  • Крызіс публічнасці, нарматыўны ідэал аўтаноміі і дэмакратыі сёння;
  • Выклікі адукацыі ў кантэксце дынамічна зменлівага грамадства.

Працоўныя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, англійская.
Формы ўдзелу ў канферэнцыі: стацыянарны і анлайн-выступ з дакладам.
Падача заявак ажыццяўляецца да 15 красавіка 2025 года праз запаўненне онлайн-формы.
Месца правядзення канферэнцыі: Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, вул. Савічаўс 17,
Вільня, Літва. E-mail: conference_depsocial@ehu.lt
Па выніках канферэнцыі плануецца публікацыя дакладаў у часопісе “Топас” (ЕГУ, Вільня, Літва) або ў асобным тэматычным зборніку артыкулаў.

Падача тэкстаў — да 15 верасня 2025 года.

Назад