Новы нумар альманаха «CTRL+S»: права на спадчыну і права на пытанне

Дэпартамент гуманітарных навук і мастацтваў і  праграмы ЕГУ па культурнай спадчыне рады паведаміць пра выхад новага нумара альманаха «CTRL+S. Еўрапейская спадчына» пад навуковай рэдакцыяй дацэнта Сцяпана Стурэйкі.

Ёсць тэмы, у абмеркаванні якіх аргументы паўтараюцца па коле. Адно з такіх спрэчных пытанняў — пра Вільнюс. «Ён не ваш!», «Не, ён і наш таксама!», «Не, не ваш!». Логіка дыялогу, якая нагадвае спрэчку пра ката Шродзінгера: адначасова свой і чужы, у залежнасці ад пункту назірання.

Але што, калі выйсці за межы гэтых дэкларацый і пагаварыць пра спадчыну інакш? Новы выпуск альманаха «CTRL+S» робіць менавіта гэта. Ужо чацвёрты па ліку, ён прысвечаны не спрэчкам пра прыналежнасць, а дынаміцы фарміравання культурнай спадчыны. Тэма нумара — «Права на спадчыну».

Не варта шукаць тут адказу на пытанне, чыім з’яўляецца Вільнюс. Замест гэтага альманах прапануе асэнсаванне спадчыны як жывога, зменлівага працэсу. Хто вызначае, што лічыць спадчынай? Па якіх крытэрыях? Дзе праходзіць мяжа паміж аховай мінулага і яго пераасэнсаваннем?

Адказы — у матэрыялах пра дзейнасць дзесяці літоўскіх арганізацый, якія займаюцца захаваннем спадчыны і гарадской культуры. Акрамя Вільнюса, нумар ахоплівае і іншыя тэмы, спалучаючы акадэмічныя эсэ, інтэрв’ю і назіранні за сучаснымі працэсамі.

Пра выданне

«CTRL+S» — штогадовы альманах праграмаў ЕГУ па культурнай спадчыне. Яго назва — «CTRL+S», камп’ютарная каманда «захаваць», — гэта спроба выйсці за межы сэнсавых клішэ, знайсці новую мову для працы са спадчынай, якая не ігнаруе рэальнасць XXI стагоддзя. Акадэмічныя эсэ тут суседнічаюць з інтэрв’ю і аглядамі найноўшых падзей. Выданне прызначана даследчыкам, студэнтам, а таксама ўсім, хто цікавіцца праблематыкай захавання культурнай спадчыны.

Прэзентацыя альманаха адбудзецца ў бліжэйшы час — сачыце за анонсамі.

Спампаваць папярэднія нумары можна тут.

Назад

Галерэя