Першы выпуск альманаха ў 2021 г. быў прысвечаны тэме «Еўрапейская спадчына», другі – «Спадчына як выпрабаванне», трэці – «Утопіі нашай спадчыны», чацверты – «Права на спадчыну».
Запрашаем дасылаць матэрыялы ў пяты выпуск, тэмай якога сёлета з’яўляецца «Пачатак спадчыны»!
Існуе стэрэатып, што культурная спадчына дасталася нам “ад прадзедаў спакон вякоў”. Удумлівае вывучэнне паказвае, аднак, што перад тым як быць прызнанымі ў якасці гістарычнай і культурнай каштоўнасці, 90-95% артэфактаў і элементаў культуры перажылі тое, што некаторыя даследчыкі называюць “семіятычнай паўзай”, ці, кажучы прасцей, былі забытыя, або наогул лічыліся чымсьці маральна састарэлым і непатрэбным.
Каб стаць спадчынай, гэтыя артэфакты і элементы мусілі трапіць у адпаведны культурны (і часта палітычны!) кантэкст, у якім яны сталі заўважанымі. Прычым, звычайна за гэтым пераадкрыццём стаяць вельмі канкрэтныя людзі ці арганізацыі – тыя, хто піша гісторыю ды інтэрпрэтуе яе; тыя, хто ачышчае старое ад навейшых гістарычных наслаенняў; урэшце тыя, хто потым сістэматычна апекуецца культурнымі каштоўнасцямі і прад’яўляе іх грамадству або турыстам. Такім чынам амаль усё, што сёння мы шануем: архітэктура, музейныя калекцыі, народныя традыцыі і нават дзяржаўныя сімвалы – было ў свой час пераасэнсавана, актуалізавана, і вельмі часта літаральна перастворана наноў.
Як адбываецца гэты працэс, і якімі былі яго гістарычныя асаблівасці ў Беларусі ды Цэнтральна-Усходняй Еўропе? У чарговым выпуску часопіса мы запрашаем аўтараў паразважаць пра пачаткі спадчыны ў двух галоўным аспектах:
Па-першае, тэарэтычным. Як выглядае ўнутраная механіка і логіка ператварэння непатрэбных рэчаў у каштоўныя? З якіх этапаў і накірункаў складаюцца гэтыя працэсы і хто за імі стаіць? Якую ролю ў актуалізацыі спадчыны граюць палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя ці іншыя выклікі сучаснасці? Як спалучаецца ў гэтым воля асобных творцаў, адвакатныя высілкі супольнасцей ці грамадскіх арганізацый і дзейнасць дзяржаўных інстытутаў.
Па-другое, гістарычным. Як адбывалася актуалізацыя культурнай спадчыны ў пераломныя перыяды гісторыі нашага рэгіёна: у 1920-30-я гады; у часы адлігі ды перабудовы; у першыя гады нацыянальнай незалежнасці? Мы хацелі б узгадаць імены і падзеі, важныя для стварэння сэнсавага ландшафта нашай культуры; паказаць, што тое, як сёння выглядаюць нашы помнікі – вынік не столькі таго як яны захаваліся, колькі таго як іх захоўвалі і аднаўлялі.
Нарэшце, асобную секцыю будучага альманаха нам хацелася б прысвяціць уласнай спадчыне – гісторыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Да працы над альманахам запрашаюцца даследчыкі, эксперты па культуры і спадчыне, а таксама студэнты і магістранты Еўрапейскага Гуманітарнага Ўніверсітэта.
Мы зацікаўлены ў асэнсаваных эксперыментальных выказваннях у наступных фарматах:
- Класічныя акадэмічныя артыкулы
- Акадэмічныя эсэ;
- Інтэрв’ю;
- Агляды твораў і падзей;
- Графічныя праекты;
- Іншыя эксперыментальныя фарматы.
У выпадку тэкставых матэрыялаў, іх чаканы аб’ём: акадэмічныя артыкула – 30 000 знакаў, эсэ – каля 20 000 знакаў, уключаючы прабелы. Мовы публікацыі: беларуская, руская, англійская.
Для таго, каб узяць удзел, просім да 30 красавіка дасылаць ідэі/тэмы матэрыялаў з іх кароткім (1-2 абзацы) апісаннем. Правілы афармлення і іншыя тэхнічныя дэталі будуць абмеркаваныя з аўтарамі пасля ўзгаднення тэматыкі матэрыялу.
Навуковы рэдактар альманаха: PhD, Дац. Сцяпан Стурэйка.
Адрас: stsiapan.stureika@ehu.lt. Тэма ліста: Альманах – 2025.
З папярэднімі выпускамі альманаха можна азнаёміцца па спасылцы: https://journals.ehu.lt/index.php/ctrls/issue/archive