Ініцыятаркай майстар-класа стала ўдзельніца клуба, студэнтка 3 курса праграмы «Візуальны дызайн» Аліса Варабей. Яна не толькі падрыхтавала матэрыялы і негатывы для друку, але і пазнаёміла ўдзельнікаў з тэхнікай працэсу, уключаючы правілы бяспекі.
Чаму менавіта цыянатыпія? Паводле слоў Алісы, ідэя папрацаваць менавіта з гэтым працэсам узнікла яшчэ ў 2024 годзе. «Яна ўсім спадабалася. Гэта вельмі прыгожая і цікавая тэхніка, і, што найважней, — цалкам рэалізуемая нават у сітуацыі з абмежаванымі рэсурсамі. Але справа якосьці не пайшла далей, таму я ўзяла ініцыятыву ў свае рукі, навучылася сама і вырашыла даць такую магчымасць і іншым».
Гэта было поўнае пагружэнне ў тэхналогію. Удзельнікі майстар-класа самі змешвалі растворы, пакрывалі паперу святлоадчувальным складам, сушылі яе, а затым пераносілі выявы з дапамогай ультрафіялетавай лямпы. Фінальны этап — прамыванне — патрабаваў асаблівай дакладнасці і цярпення, але ў выніку ў ўсіх атрымаліся ўражальныя адбіткі.
Майстар-клас выклікаў вялікую зацікаўленасць у студэнтаў, а вынікі пераўзышлі чаканні! Фотаклуб F8 працягвае серыю творчых сустрэч, і наперадзе — новыя воркшопы і эксперыменты. Сачыце за анонсамі ў інстаграме ці тэлеграме F8!