Хто можа карыстацца бібліятэкай?
Без асобнай рэгістрацыі паслугамі бібліятэкі могуць карыстацца ўсе чальцы акадэмічнай супольнасці ЕГУ, якія маюць з сабой дакумент, што пацвярджае асобу (з фотаздымкам): дзейснае літоўскае пасведчанне студэнта (LSP), ISIC, пасведчанне асобы, пашпарт або від на жыхарства. Усіх астатніх жадаючых зарэгістравацца просім звяртацца да супрацоўнікаў бібліятэкі. Знешніх карыстальнікаў рэгіструем толькі пры прад’яўленні LSP, пасведчання асобы або пашпарта.
Як працуе бібліятэка?
Панядзелак–пятніца: 9.00–19.00
Субота: 9.00–14.00
У нядзелю і святочныя дні бібліятэка зачыненая.
Апошні дзень месяца – санітарны дзень. Наведнікі не абслугоўваюцца. У перадсвяточныя дні час працы бібліятэкі скарачаецца на адну гадзіну. Падчас сесіі студэнтаў пастаяннай сесійнай формы навучання (завочнікаў) бібліятэка працуе на гадзіну даўжэй.
Ці працуе бібліятэка ўлетку і падчас вакацыяў?
Так, працуе. Час працы бібліятэкі падчас летніх і зімовых вакацыяў:
Панядзелак–пятніца: 9.00–14.00.
У суботу, нядзелю і святочныя дні бібліятэка зачыненая. У перадсвяточныя дні час працы бібліятэкі скарачаецца на адну гадзіну.
Бібліятэка абслугоўвае толькі супольнасць ЕГУ?
Абслугоўваюцца ўсе наведнікі, але выданні выдаюцца дадому толькі зарэгістраваным чытачам.
Дзе можна зрабіць ксеракопіі?
У бібліятэцы маецца ксеракс (з функцыямі капіявання, сканавання і раздрукоўкі), які функцыянуе ў рэжыме самаабслугоўвання. Дадатковы ксеракс ёсць на 3-м паверху ўніверсітэта (насупраць аўд. 303); ім можна карыстацца незалежна ад часу працы бібліятэкі. Каб мець магчымасць ксеракапіраваць і раздрукоўваць, вам трэба папоўніць свой віртуальны рахунак у бібліятэцы (прымаем толькі наяўныя). Віртуальны рахунак прывязаны да ўніверсітэцкага акаўнту карыстальніка.
Ці магчыма раздрукаваць інфармацыю/дакументы?
Так. Раздрукоўванне і ксеракапіраванне функцыянуе ў рэжыме самаабслугоўвання і ажыццяўляецца праз папаўненне віртуальнага рахунку. Рахунак трэба папоўніць у бібліятэцы (прымаем толькі наяўныя грошы).
Ці магчыма адсканаваць дакумент?
Так, БЯСПЛАТНА. Ва ўніверсітэце размешчаныя сканеры, што функцыянуюць у рэжыме самаабслугоўвання. Сканаваць можна ў фарматах TIFF, JPEG і PDF. Адсканаваны дакумент дасылаецца карыстальніку па электроннай пошце.
Ці могуць карыстацца бібліятэкай людзі з абмежаванымі магчымасцямі?
Так, але пра канкрэтныя ўмовы карыстання рэкамендуем дазнавацца ў бібліятэцы. У бібліятэцы маецца кампутар з адмысловай клавіятурай для людзей са слабым зрокам і мышшу для асобаў з парушэннем развіцця маторнай функцыі.
Дзе знайсці паведамленні, якія дасылае бібліятэка?
Усе паведамленні ад бібліятэкі дасылаюцца на ваш электронны адрас ЕГУ – @student.ehu.lt або на той эл. адрас, які вы пазначылі як асноўны ў сваёй кантактнай інфармацыі.
Што яшчэ мне трэба ведаць?
Верхнюю вопратку, сумкі, заплечнікі просім пакідаць ва ўніверсітэцкіх локерах (шафках, якія замыкаюцца на ключ). Верхнюю вопратку вы таксама можаце павесіць на вешалку адразу каля ўваходу ў бібліятэку.