Выпускнік бакалаўрскай праграмы «Сусветная палітыка і эканоміка» 2019 года Мікалай Дзядок. Мікалай – грамадска-палітычны дзеяч, блогер, журналіст, які актыўна і сумленна выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю. Палітычны вязень.
Скончыў юрыдычны каледж БДУ, пасля чаго быў залічаны на трэці курс юрыдычнага факультэта БДУ. Універсітэт пакінуў з прычыны таго, што форму і метады навучання палічыў для сябе непрымальнымі. Паступіў на завочную форму навучання ў ЕГУ на праграму «Паліталогія і еўрапейскія даследаванні».
У верасні 2010 года быў незаконна арыштаваны і прысуджаны да пазбаўлення волі нібыта за хуліганства, якога не здзяйсняў. Быў прызнаны палітычным вязнем. Пад націскам ЕС і сусветнай грамадскасці быў вызвалены 22 жніўня 2015 года разам з іншымі палітычнымі вязнямі.
Вярнуўся да навучання ў ЕГУ на сумесную праграму з універсітэтам Вітаўта Вялікага ў Коўне «Сусветная палітыка і эканоміка». Пасля завяршэння навучання для падрыхтоўкі да паступлення ў магістратуру ў Польшчы з’ехаў на моўныя курсы ва ўніверсітэт Любліна. У сувязі з пандэміяй і пераходам на дыстанцыйнае навучанне вярнуўся ў Беларусь. 11 лістапада 2020 года быў арыштаваны.
Уладальнік прэміі ім. Алеся Караля 2017 года ў намінацыі «Лепшы сацыяльна-палітычны матэрыял» за артыкул «Дармаедскія пратэсты і перспектыва Майдана» у газеце «Новы Час» і аднайменнай прэміі 2018 года ў намінацыі «Лепшы сацыяльна-палітычны артыкул» за артыкул «Турма і воля: культурны абмен». У 2017 годзе атрымаў прэмію ім. Францішка Аляхновіча за лепшы твор, напісаны ў няволі (кніга «Колеры паралельнага свету»).